Татары ў Беларусі
Паводле апошняга перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусі (1999 год) у нашай краіне пражывалі 10 089 татараў. З іх колькасці ўмоўна можна вылучыць дзве этнічныя групы: «традыцыйныя» (беларускія), якія пасяліліся тут у выніку некалькіх хваляў з пачатку Залатой Арды, і «пазнейшыя» татары (з Волгі, Сібіры, Урала і Крыма), перасяленне якіх пачалося пасля далучэння Беларусі да Расейскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Гэтае дзяленне абумоўлівае існаванне дзвюх татарскіх грамадзянскіх арганізацый, якія існуюць і па сённяшні дзень: «Зікр уль-Кітаб» (былая «Аль-Кітаб») і «Чышма».
Згуртаванне татараў-мусульман «Аль-Кітаб» было заснавана 23 чэрвеня 1991 году падчас правядзення ў Іўі мусульманскага свята Курбан-Байрам і адразу стала ў авангардзе татарскага нацыянальна-культурнага адраджэння. У студзені 2001 года адбылася рэарганізацыя «Аль-Кітаба» ў Беларускае грамадскае аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб». Яно надзялялася статусам рэспубліканскай арганізацыі і вызначыла сваёй галоўнай мэтай садзеянне адраджэнню нацыянальных культурных каштоўнасцяў і традыцый беларускіх татараў. Ад першых дзён татарскага адраджэння яго дамінантай стаў рэлігійны фактар. Але зараз таксама назіраецца ўзрастанне інтарэсу да асвятлення пытанняў мясцовага жыцця татараў, іх гісторыі, культуры, вайсковых традыцый.
Міжнародны фонд развіцця татара-башкірскай духоўнай спадчыны «Чышма» быў створаны ў чэрвені 1998 года і аб’ядновае татараў і башкіраў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і Расіі. Галоўнымі мэтамі і задачамі фонду з’яўляюцца: замацаванне сяброўскіх зносін паміж народам, ажыцяўленне дзейнасці, накіраванай на адраджэнне культурных каштоўнасцяў татарскага і башкірскага народаў; усталяванне сувязей з суайчыннікамі за мяжой для арганізацыі і правядзення сумесных мерапрыемстваў; арганізацыю аздараўлення дзяцей за мяжой; развіццё культурных, эканамічных, навуковых, сямейных і іншых абменаў паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі краінамі; стварэнне нацыянальнага музея гісторыі і культуры; стварэнне і развіццё уласных сродкаў масавай інфармацыі. Дзверы фонду адчынены для кожнага грамадзяніна, які падзяляе статутныя мэты і задачы незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, месца пражывання і нараджэння.
Але грамадскае жыццё татараў Беларусі на гэтым не канчаецца. Існуе таксама гістарычны клуб «Алтын Тумэн» («Залатое Войска»), які займаецца рэканструкцыяй абутку, зброі, адзення, традыцый, гістарычных падзей Залатой Арды і Вялікага княства Літоўскага ХIV – XV стагоддзяў. «Алтын Тумэн» з’яўляецца актыўным удзельнікам як беларускіх, так і міжнародных рыцарскіх фестываляў, у часе якіх з гонарам прадстаўляе нашу Радзіму.
>
Адной з найбольш актыўных і неінстытуалізаваных форм грамадскай дзейнасці, як і заўсёды, з’яўляюцца мерапрыемствы, якія арганізуюцца татарскай моладдзю: у асноўным, гэта розныя сустрэчы, выезды на прыроду, сумесныя паходы ў тэатр, кіно, кафэ і гэтак далей, дзе моладзь мае магчымасць камунікаваць паміж сабой і разважаць на конт розных хвалюючых пытанняў. З хуткім развіццём Internet’у гэта стала рабіць яшчэ лягчэй: зараз на падставе расейскай сацыяльнай сеці «В Контакте» (http://vkontakte.ru) існуе группа «Беларускiя татары – нашчадкi Залатой Арды» (http://vkontakte.ru/club1173236), колькасць членаў якой ужо перавысіла 100 чалавек. У планах – стварэнне ўласнага татарскага Internet-рэсурсу.
Арсень Сівіцкі
Аляксандр ГАРЭЕЎ aka Xaos