Ірына Кавалевіч: “Адзін у полі не воін, а путнік”

|

Карэспандэнтка “Твайго стыля” паразмаўляла з каардынатаркай ініцыятывы, арганізаванай на Гарадзенскім форуме яшчэ летам мінулага года, у межах якой гарадзенцы збіраюць рэчы для дзетак, якія засталіся без бацькоў.

 

Ірына, як нарадзілася ідэя такой ініцыятывы? Як пачалася ваша гісторыя?

 

Я трапіла са сваім сынам у інфекцыйны шпіталь, там палаты са шклянымі сценкамі. Акурат насупраць нас ляжалі сацыяльныя дзеткі. Прывезлі дзяўчынку гадоў трох, і мы, мамы са сваімі дзецьмі, усёй палатай назіралі за ёй. Прыйшла медсястра, распранула яе і пераапранула ў шпітальнае аддзенне.

 

Нас шакавала, што дзяўчынка не плакала, нічога не прасіла, настолькі яна была закрытая. Адна з мам папрасіла мужа набыць маленькую цацку, якую мы падаравалі гэтаму дзіцяці. Нам адразу ж сказалі, што цацку дзяўчынка забраць не зможа і што падарунак застанецца ў шпіталі.

 

Мы некаторы час проста назіралі за гэтым дзіцём. Гэта проста страшна. У мяне першая адукацыя – псіхалагічная, і ў псіхалогіі ёсць такое паняцце “эфект белай столі”, калі маленькія дзеці не развіваюцца з-за таго, што яны проста ляжаць і глядзяць на столь, у іх па сутнасці не хапае камунікацыі. Гэтую дзяўчынку прыходзілі выключна пакарміць.

 

Калі я другі раз трапіла ў інфекцыёнку, то ўжо пабачыла цэлую палату такіх дзетак, якія ляжалі з вятранкай: ад навароджаных да дарослых. Вельмі непрыемна ўразілі адносіны медыцынскага персанала да гэтых дзетак. Мы размаўлялі з медсёстрамі на гэтую тэму і яны тлумачылі, што такіх дзетак нельга прывучаць да рук, бо яны прывыкаюць, а калі іх адрываюць – ім яшчэ горш.

 

Я такога падыхода не разумею. Аднойчы я ішла на пост за лекамі для свайго малыша і там была дзяўчынка з прытулку гадоў 11 з навароджаным, якога яна насіла на руках. Яна так на мяне паглядзела – я ніколі не забуду гэты позірк, поўны нянавісці і злобы!

Пасля гэтага я знайшла ў Аднакласніках групу, прысвечаную сацыяльным дзеткам, пачала цікавіцца ў людзей, хто чым дапамагае, знайшла аднадумцаў. Тады мы ўпершыню з’ездзілі ў інфекцыёнку і завезлі туды падгузнікі, нейкую вопратку, цацкі. З гэтага ўсё і пачалося.

 

Пасля пайшоў Дом малюткі, з якім мы зараз вельмі цесна камунікуем, потым – дзіцячы дом на Купалы. Я званіла куды толькі можна, прапаноўвала дапамогу і пакідала свае каардынаты, каб пры неабходнасці мяне можна было знайсці.

 

З усіх сацыяльных сетак паўздымалі людзей, з гарадзенскага форума пайшла каласальная дапамога, УКантакце стварылі адпаведную суполку. У асноўным дапамагаюць маладыя мамы, якія маюць сваіх маленькіх дзетак і бачаць, наколькі яны безабаронныя і бездапаможныя.

 

Як арганізоўваліся людзі, гатовыя дапамагчы?

 

Было бурнае абмеркаванне, ці патрэбна такая дапамога ўвогуле, ці не расцягнуць прынесеныя рэчы супрацоўнікі ўстановаў і г.д. Затым я стэлефаноўвалася з Домам малюткі ці бальніцай, дамаўлялася калі нам можна прыйсці і кідала гэтую інфармацыю ў сеткі. Хто хацеў – прыходзіў сам, але больш трох чалавек на пачатку не набіралася, хто хацеў – падвозіў рэчы мне ці я сама заязджала і забірала. Зараз, калі людзі мне ўжо больш давяраюць, асноўная маса рэчаў прывозіцца мне, плюс зараз у мяне з’явілася вельмі добрая памошніца Лола, таму рэчы зараз вязуць і ёй.

 

Я і да гэтай пары выкідваю інфармацыю пра час, калі мы ідзем да дзетак, каб кожны ахвочы мог далучыцца, але большасць аддае перавагу таму, каб проста перадаць праз нас рэчы, тлумачачы тым, што ў іх проста не хопіць нерваў ісці да гэтых дзетак.

 

З якімі складанасцямі вы сутыкнуліся пры арганізацыі дапамогі?

 

Складанасці былі звязаныя з чалавечым фактарам, неразуменнем таго ж персаналу ва ўстановах з сацыяльнымі дзеткамі. Яны, напэўна, лічылі нас вар’ятамі. Першыя часы на нас глядзелі як на людзей з іншай планеты!

 

Яшчэ ставіць палкі ў колы наша заканадаўства. Я разумею, што гэта неабходна, але некаторыя правілы ствараюць шмат складанасцей. Напрыклад, вопратку прымаюць пасля хімчысткі, што даволі дорага. Можа, каб нехта рабіў льготы, калі хімчыстка патрабуецца для дабрачынных мэтаў. Але ж не.

 

На ўсю прадукцыю ў нас патрабуюцца сертыфікаты адпаведнасці стандартам якасці РБ. Дапрасіцца іх у крамах вельмі складана і часта нерэальна, асабліва на касметыку і падгузнікі. Гэта проста катастрофа! Яны кажуць, што сертыфікаты ў бухгалтэрыі, а тая ў Мінску, яны абавязкова папросяць, таму прыйдзіце тыдні праз два!

 

У мяне сабралася ўжо цэлая база сертыфікатаў на самыя разнастайныя тавары. Я спецыяльна іх ксеру і захоўваю, каб не прасіць кожны раз у крамах.

 

Дзяржава ж павінна забяспечваць установы рэчамі?

 

З бюджэту выдаткоўваюцца пэўныя суммы на забеспячэнне прытулкаў рэчамі і сродкамі гігіены. Але іх катастрафічна не хапае. Калі, напрыклад, у Доме малюткі 80 дзетак і кожнаму патрэбна па гігіенічным нормам 5 падгузнікаў у дзень, то гэта ўжо выходзіць 400 у суткі! А падгузнікі ў нас дастаткова дарагія, у Беларусі няма свайго аналага, усё імпартуецца.

 

Гэтую вострую праблему магла б вырашыць вытворчасць падгузнікаў у Беларусі, каб дзяржава магла забяспечваць сацыяльных дзетак.

 

Аднойчы ў нас была такая сітуацыя, што пазванілі з дзіцячага дому на Гая ў сярэдзіне месяца і папрасілі зубныя пасты. Нам сказалі, пасты ўнесеныя ў план, што за іх будуць выдаткаваныя грошы, але толькі ў канцы месяца. І дзеткам паўмесяца няма чым чысціць зубы.

 

Якая сітуацыя на сённяшні дзень?

 

У Доме малюткі ўжо амаль месяц не былі, але будзем набываць туды сандалікі і шорцікі – нас папрасілі. На Гая дзіцячы дом расфарміроўваецца паступова, але мне туды вельмі падабаецца хадзіць, бо дзеткі заўсёды павітаюцца (у мяне ў двары дзеці гэтага не робяць!), дапамогуць дацягнуць торбы.

 

На Панямуні мы не былі ані разу, нас не прынялі, там даволі закрытая сістэма. Мы прапанавалі ім дапамогу, яны адказалі што не патрэбна ім нічога. Мы пакінулі кантакты, адзін раз нам адтуль пазванілі і папрасілі сурвэткі вільготныя, рушнікі на кухню, сродкі для чысткі. Але мы адказалі, што дапамагаем ДЗЕЦЯМ, а не ўстановам. Так нашая камунікацыя і скончылася.

 

У інфекцыйны шпіталь мы некалькі тыдняў таму завезлі вялікую перадачу і пакуль ім нічога не патрэбна. Там зараз знаходзіцца 7 сацыяльных дзетак. У дзіцячай бальніцы 12. Асаблівую сувязь я трымаю з аддзяленнем для неданошаных. Там проста цудоўная загадчыца, Ірына Аляксандраўна, якая вельмі пячэцца над такімі дзеткамі, да яе сапраўды прыемна прыходзіць.

 

Ты ствараеш уражанне вельмі падкаванага ў тэме сацыяльнага сіроцтва чалавека. Ты спецыяльна цікавілася гэтым?

 

Так, я вучылася ў мінскіх валанцёраў. Праз іх суполку ў Аднакласніках я цікавілася многімі рэчамі. Спрабавала чытаць законы, але проста катастрафічна не хапае часу. Шукаю і чытаю адпаведную літаратуру. Калі недзе пачую пра які новы дэкрэт – адразу сабе запісваю. Хочацца падкавацца менавіта юрыдычна.

 

Якія цікавыя мерапрыемствы вы ладзілі дадаткова?

 

Акрамя збору рэчаў мы аднойчы арганізавалі свята ў Доме малюткі. У нас ёсць сямейная пара, якая ладзіць дзіцячыя святы. Мы сабралі проста здораўскую перадачу і арганізавалі ранішнік з клоўнам і шоу мыльных бурбалак.

 

Калі клоўн увайшоў у памяшканне – усе дзеці заплакалі. Нас папярэджвалі, што яны ніколі падобнага не бачылі. Клоўн нават без парыка быў, але гэта не выратавала.

 

Добра, што ён аказаўся сапраўдным прафесіяналам і ў канцы дзеці разняволеныя са смехам лёталі за ім.

 

Пасля гэтага хочацца зрабіць нешта яшчэ, пахадзіць па групах, пасядзець з дзеткамі і проста паразмаўляць. Яны вельмі цягнуцца да дарослых. У Доме малюткі зусім маленькі дзіцёнак-інвалід, прыкаваны да вазка, цягне свае малюпасенькія ручкі… Гэта вельмі цяжка псіхалагічна, але ўсё роўна хочацца да іх прыходзіць.

 

Не страшна?

 

Страшна. У першую чаргу баішся прырасці эмацыйна да гэтых дзетак. На вуліцы пабачыш кацянё і сэрца ад жалю ўздрогне, а тут – жывы чалавечак, бездапаможны і ні ў чым не вінаваты.

 

Жаль змешваецца з нейкай злосцю. Хочацца забраць гэтых дзетак, але разумееш, што проста фізічна не можаш гэтага зрабіць. Я аднойчы на дзіцячым свяце фатаграфавала і сярод здымкаў убачыла хлопчыка, як кропля вады падобнага да майго сына! Я тады вельмі спалохалася, у мяне быў стан блізкі да істэрыкі – ўяві, убачыць роднага сыночка сярод дзеддомаўскіх. Я вельмі прырасла да гэтага хлопчыка і стала пераконваць мужа ўсынавіць яго.

 

Што натхняе цябе і дае сілы трымаць ініцыятыву на плаву?

 

Часам так стамлешся, што думаеш: усё, гэта адвязу і буду адпачываць. Але калі прыедзеш, паглядзіш, наслухаешся колькі яшчэ патрэбна, то разумееш, што табе не да адпачынку.

 

Часам, калі еду з працы ля Дома малюткі, бачу святло ў акенцах і ўзнікае думка: “А што яны там зараз робяць?” У іх няма тэлевізара, не так шмат цацак і нейкіх гульняў. Вакол столькі машын, столькі людзей, а ў гэтых акенцах сядзяць адзінокія дзеткі, у якіх па сутнасці няма нічога і нікога.

У мяне такая пазіцыя, што чым больш задаволенае дзяцінства ў матэрыяльным і маральным плане, тым больш здаровыя асобы вырастаюць. І мы атрымліваем пасля здаравейшае грамадства. А тут выходзіць, што дзеткі часам не маюць элементарных рэчаў. Калі яны пачынаюць нешта разумець, то хочуць, як і іншыя, мець тэлефоны, модную вопратку і г.д., бо ходзяць у звычайныя школы. Я не здзіўляюся, што сацыяльныя дзеткі так азлабляюцца.

 

Што цябе больш за ўсё кранае ў людзях, якія хочуць дапамагчы?

 

Спагадлівасць. Калі, напрыклад, прыбягаюць таты і кажуць: “Ой, мая жонка корміць дзіця, не змагла падыйсці і мяне даслала!” Ці як асноўная маса людзей прыязджае парамі. Кранае, калі прыязджаюць цяжарныя дзяўчыны.

 

На такіх людзях, якія жывуць не проста так, трымаецца свет. Прыемна з імі і знакоміцца, і камунікаваць. Я па сутнасці нічога адна не раблю. Адзін у поле не воін, а путнік. Гэтыя людзі мяне мацуюць, яны – мая сіла.

 

Давай намалюем партрэт чалавека, які займаецца дабрачыннасцю.

 

У нашым выпадку гэта будзе мама сярэдняга дастатку, у асноўным – у дэкрэце. Па якасцях – гэта чалавек, скажу элементарнае, але вельмі трапнае слова – добры. Нераўнадушны. Які не пройдзе міма на вуліцы, калі камусьці неабходна дапамога. Гэта людзі, якія маюць час не толькі на сябе. Яны цудоўна разумеюць, што ўсім дапамагчы мы не ў сілах, але зробім значна больш за тых, хто проста сядзіць і ўздыхае. Пакуль ты адчуваеш боль – ты жывеш, калі адчуваеш боль іншага – ты чалавек.

 

Якая мэта людзей, што займаюцца дабрачыннасцю?

 

Як сказала аднойчы мне адна дзяўчына, няхай гэта немнога, але хоць пару попак некалькі дзён будуць сухімі. Вось, напэўна, самая галоўная матывацыя. Яна трапіла ў самую кропку.

 

Тое, што бацькі кідаюць сваіх дзяцей, гэта праблема дзяржавы, грамадства?

 

Гэта праблема грамадства, якая ідзе аднекуль з глыбіні. Здзіўляе, што ў пасляваенны час дзяцей-сірот, як не дзіўна, было значна менш, чым зараз. У нашага грамадства змясціліся прыярытэты і каштоўнасці. Калі для нармальнага чалавека галоўныя каштоўнасці: яго сям’я, бацькі, дзеці, то большасць людзей зараз накіраваныя на матэрыяльныя прыбыткі, на задавальненне сваіх патрэбаў.

 

Ці возьмем дзяўчын, якія, з-за даступнасці розных СМІ і выхавання поп-культурай і тэлебачаннем кідаюцца ў дарослае жыццё, калі яны яшчэ самі дзеці. Зразумела, што іх народжаныя дзеткі будуць нікому не патрэбныя. Людзі падмянілі сапраўдныя каштоўнасці нейкімі штучнымі і гэта не робіць шчаслівым нікога.

 

Дзяржаўная сістэма дзіцячых дамоў і прытулкаў сябе апраўдвае?

 

Думаю так, бо некаторым дзеткам бяспечней знаходзіцца ў прытулку пад апекай дзяржавы, чым у сям’і, дзе іх здароўю і бяспецы нешта пагражае. Але да пераходнага ўзросту дзеці будуць любіць сваіх бацькоў такімі, якія яны ёсць, нават алкаголікаў і наркаманаў, гэта закон псіхалогіі. Таму адыманне ў бацькоў псіхалагічна траўміруе дзяцей, гэты момант у сістэме трэба дапрацаваць.

 

Зараз праводзіцца дзяржаўная праграма па стварэнні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе сямейная пара будзе працаваць татай-мамай для 8-10 дзетак-сірот. Ці можна ў нашай краіне абыйсціся без дзіцячых дамоў і прытулкаў?

 

Гэтая праграма мае сэнс. Толькі на ролю таты-мамы трэба граматна абіраць людзей, якія захочуць стаць сапраўднымі бацькамі, якія гатовыя ўзяць адказнасць за маральнае і фізічнае выхаванне дзетак, а не тых, хто хоча проста атрымліваць грошы.

 

У сацыяльна-педагагічным цэнтры на Урублеўскага мне расказвалі, што ў Гродне існуюць 10 сацыяльных сямей, а ў Магілёве іх больш за 100! То бок у нас такая сістэма слаба развітая.

 

Ты можаш “працаваць” бацькам і выхоўваць дзетак да іх 18-годдзя, але гэтыя дзеці могуць застацца тваімі, і павінны імі застацца, не паводле паперак, а паводле сэрца. Таму абіраць людзей на такую працу трэба акуратна і педантычна, каб не здарылася так, што нехта возьме сабе дзяцей каб атрымліваць ад дзяржавы грошы. У выніку дзіця будзе нікому не патрэбным, недагляджаным, можа ператварыцца ў “прынясі-падай”.

 

Сацыяльныя сем’і, на маю думку, былі б самым аптымальным выхадам у вырашэнні праблемы сіроцтва.

 

Такія ініцыятывы як вашая кормяць сіроцтва ці ратуюць ад сіроцтва? Не баішся ўкараніць ў дзяцях спажывецкае стаўленне да жыцця?

 

Баюся. Як ні круці, наша ініцыятыва ў нейкай ступені спрыяе фармаванню спажывецтва ў сірот. Наша дзейнасць не ратуе ад сіроцтва, а сапраўды яго корміць. Я доўга думала над гэтым пытаннем, і прыйшла да высновы, што ўсё ж такі для мяне важна – тут і цяпер.

 

Але сам тэзіс аб “кармленні сіроцтва” чырвоным раскалённым цвіком сядзіць у маёй галаве. Некаторыя ж бацькі так і думаюць: няхай маё дзіця будзе абутае-апранутае-накормленае ў дзіцячым доме, за кошт дзяржавы і такіх валанцёраў як мы. Гэтая безадказнасць таксама палохае.

 

Ты ўжо другі год займаешся дабрачыннасцю. Нешта змянілася за гэты час?

 

Па словах той жа Ірыны Аляксандраўны, дзякуючы нам у шпіталі ўжо даўно не было крызіснай сітуацыі, калі катастрафічна не хапала падгузнікаў. Іх можа быць мала, але яны ёсць заўсёды.

 

Змянілася стаўленне персаналу да нас, зараз у іх вачах мы не вар’яты. Мяняюцца дзеткі. І хочацца, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы.

 

Якім трэба быць чалавекам, каб працаваць у дзіцячым доме?

 

Трэба любіць дзяцей, мець жалезныя нервы і анёльскае цярпенне. Часам з адным дзіцём цяжка справіцца, а калі іх сем і больш, зразумела, што гэта цяжкая праца, фізічная і маральная. Гэты чалавек павінен хацець там працаваць, а не ісці туды з-за безвыходнасці. Ад гэтага і ён нічога не атрымае, акрамя зарплаты, і дзеці пацерпяць.

 

На форуме ты часам пішаш “нашы дзеткі”. Як ты адносішся да тых, каму дапамагаеш? Ты сапраўды лічыш іх сваімі?

 

Апошнім часам сапраўды ў маіх гутарках праскальзвае “нашы”. Але яны сапраўды НАШЫ! Гэта дзеткі сацыяльныя, то бок яны належаць соцыюму. У іх афіцыйна няма нармальных бацькоў, толькі біялагічныя, таму яны нашы. І мае, і твае.

 

Аднойчы з мужам ездзілі ў паліклініку і там стаяла цяжарная жанчына, бачна па ёй, што з праблемнай сям’і, смаліла цырагэту. Муж штурхае мяне і кажа: “Глядзі, таксама твой будзе”. Ну так, што тут зробіш (смяецца).

 

У цябе ёсць свая сям’я: муж і сын. Ці хапае на ўсё часу?

 

Часу не заўсёды хапае, часам нават спыняешся і думаеш: не трэба ламаць сваё дзеля грамадскага. Муж разумее і падтрымлівае, нават ганарыцца мною, але часам і злуецца, калі я часта знікаю.

 

Мой сынок зараз, калі мне прывозяць нейкія цацкі, пытае: “Гэта мне?” Адказваю: “Не, не табе” – “Гэта дзеткам, якія не маюць таты і мамы?” – “Так, гэта для такіх дзетак”. То бок у яго, ужо ў трохгадовым узросце, ёсць разуменне, што ёсць такія дзеткі, якія не маюць бацькоў. Ён дакладна гэта разумее і не чапае гэтыя цацкі, можа толькі ўзяць паглядзець. Я імкнуся яго навучыць гэтаму разуменню.

 

Да чаго ты імкнешся? Што будзе для цябе ідэальным вынікам?

 

Мая мара – гэта адкрыць свой дом дзіцяці. Першы прыватны дом дзіцяці, дзе будуць усе МАЕ дзеці, за кожнага з якіх я буду несці адказнасць. У галаве я тысячу разоў пракручвала, як бы гэта ўсё было.

 

Я хацела б сама бачыць, што ў дзетак усё ёсць, яны ездзяць на экскурсіі, вучацца, што да іх прыходзяць людзі, што яны камунікуюць, а не проста сядзяць па сваіх кутках у маленькіх комнатках. Я разумею, што матэрыяльна я гэтага не пацягну. Але мы можам больш, чым мы думаем.

 

Калі чалавек хоча дапамагчы дзеткам, што ён павінен зрабіць?

 

Гэты чалавек павінен даведацца, што дзецям патрэбна ў дадзены момант. Для гэтага трэба пазваніць у адміністрацыю дзіцячага дома. Падгузнікі, прысыпкі, вільготныя сурвэткі і іншыя сродкі па дагляду патрэбны заўсёды. Акрамя гэтага, патрэбны цацкі, кніжкі, вопратка, нейкія развіваючыя гульні і г.д.

 

Не трэба нейкіх вялікіх грашовых затратаў. Лепей у меру сваіх магчымасцей рэгулярна нешта прывозіць. Абавязкова на месцы афармляць акт прыёма, каб ведаць, што рэчы дайшлі да адрасата!

 

Проста ў адной з устаноў мне расказалі, што лепшыя рэчы, якія здаюцца ў пральню, з яе не вяртаюцца, то бок людзі безсаромна забіраюць у дзетак апошняе. І не ратуе нават тое, што штамп установы ставяць прама на грудзі. Як пасля нехта апранае сваіх дзяцей і ўнукаў у вопратку са штампам?!

 

Можна проста далучыцца да нас: мы ўсё падкажам і раскажам.

 

Ці з’явіўся за гэты час у цябе нейкі досвед, які можна ўкласці ў адну фразу?

 

За гэты час у маёй галаве дакладна ўсталявалася перакананне, што ўсё мы робім правільна. Прыпыняцца зараз нельга і не хочацца. Мы вялікія малайцы! Дзякуй усім, хто тым ці іншым чынам спрычыніўся да нашай агульнай працы! Хто дапамагае пастаянна, хто дапамагае аднаразова, усім вялікі-вялікі дзякуй! Разам мы можам вельмі многае!

 

     
  Калі вы хочаце дапамагчы дзеткам, званіце па тэлефоне +37529 584-99-14 (Ірына), альбо шукайце аднадумцаў на адпаведнай ветцы Гарадзенскага форума і ў суполцы Укантакце.