Дзве кнігі слонімцаў адзначылі стагоддзе

Кандрат Лейка (1860-1921) нарадзіўся ў вёсцы Збочна Слонімскага павета, а Гальяш Леўчык (1880-1944) ў Слоніме. І Лейка, і Леўчык з’яўляюцца пачынальнікамі новай беларускай літаратуры.

 

У 1912 годзе ў Вільні выходзіць спачатку кніжачка “Снатворны мак” Кандрата Лейкі, якую склала сцэнка для дзіцячых тэатраў, а потым на свет з’явілася кніга вершаў Гальяша Леўчыка “Чыжык Беларускі”.

Кніжка была надрукавана лацінскім шрыфтом. Сваю п’еску “Снатворны мак” Кандрат Лейка прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павета.

А ў зборніку “Чыжык Беларускі” быў змешчаны і хрэстаматыйны верш Леўчыка “Хто адрокся сваіх”.

 

Вось некалькі радкоў з гэтага верша, якія актуальныя і сёння:

Хто адрокся сваіх,

Хто стыдацца нас стаў

І прыліп да чужых, —

Каб ён свету не знаў!

Мову родную хто

Пазабыў, асмяяў,

Загубіў за нішто, —

Каб ён свету не знаў!..