“Рок-хваля” Гродна не накрые
“Фэст «Рок-хваля» з-за дрэннага продажу квіткоў адмяніла абласная філармонія, – патлумачыў Віктар Барысевіч, дырэктар клуба Alpha Centaurі. – Я лічу, што да арганізацыі мерапрыемства трэба было падыходзіць з больш актыўнай рэкламнай кампаніяй. Таксама памылкай было ставіць дзве падзеі так блізка: 8 лістапада ў Гродне будзе канцэрт «Без білета». Што да «Рок-хвалі», то грошы за ўжо прададзеныя квіткі будуць вернутыя людзям па першым запыце”.
Музыкі з “Соцыуму”, адной з груп-удзельніц фэсту, пракаментавалі адмену канцэрта наступным чынам:
Алег (бас-гітарыст, гукарэжысёр):
“Мне шкада, што фэсту не будзе. Не так шмат рок-канцэртаў праводзіцца ў Гродне. Да таго ж, вельмі хацелася б выступіць з «Дай дарогу» на адной сцэне”.
Уладзімір (барабаншчык):
“Я не веру ў версію пра кепскі продаж квіткоў. Проста паступіла замова зверху канцэрт адмяніць. Я думаю, што хтосьці прачытаў тэксты песень гуртоў, якія павінны былі выступаць, і знайшоў там нешта «непажаданае». Гэта палітычная забарона! 3 лістапада канцэрт «Дай дарогу» – хэдлайнераў фэсту – забаранілі ў Брэсце. Я думаю, вяртаецца эпоха ганення на рок-музыку!”
Варта адзначыць, што няўдача фэсту прагназавалася ўжо даўно. Гарадзенскія нефармалы крытыкавалі як якасць гуртоў, абраных для ўдзелу, так і завышаныя кошты на квіткі (80-100 тысяч). Многім не падабаўся час правядзення канцэрта – ноч з аўторка на сераду.
“Рок-хваля” – не першы рок-фэст, які павінен быў адбыцца ў клубе Alpha Centaurі, але які ў апошні момант быў адменены. 1 верасня гэтага года не прайшоў таксама “Буль Фэст”, на якім павінны былі выступіць такія знакамітыя гурты, як “7Б” і “Hand Made”. Афіцыйная прычына адмены ўсё тая ж – слабы продаж квіткоў.