Гульні з часам Дж. Абрамса
Прэм’ера мінулага тыдня з той жа катэгорыі: новы «Зорны Шлях» дазваляе нам зірнуць на самыя першыя прыгоды экіпажу U.S.S. Enterprise.
«Космас… Апошняя Мяжа. Тут падарожнічае касмічны карабель Энтэрпрайз. Яго місія: даследваць новыя, невядомыя сусветы, сустракаць новыя формы жыцця і новыя цывілізацыі, смела крочыць туды, дзе не быў яшчэ ніводны чалавек». Гэтымі словамі ў 1966 годзе распачалася новая эпоха ў навуковай фантастыцы. Зорны Шлях быў сур’ёзным, моцна навуковым і інтэлігентным серыялам. Менавіта Стар Трэк прынес нам назву «чорная дзірка». Дзякуючы яму мноства маладых людзей звязала сваё жыццё з навукай.
У адзінаццатым (!) фільме доўгагуллёвай серыі мы бачым, з чаго ўсё пачыналася. Назіраем, як выхоўваліся і сталелі кардынальна розныя характары: зямлянін Джэймс Тыберый Кірк і паў-вулканін Спок. Бачым, як нараджалася гэтае дзіўнае, але трывалае сяброўства. Сяброўства паміж энергічным, перапоўненым эмоцыямі Кіркам і спакойным, разважным, дзейнічаючым толькі паводле логікі Спокам. Але ці сапраўды халодны разлік заўсёды вядзе да найлепшага выніку? І ці сапраўды Спок ніколі не кіруецца эмоцыямі? Ён жа толькі напалову вулканін, а напалову зямлянін.
Задача Дж. Дж. Абрамса – стваральніка серыяла «Lost» і незвычайнага фільма-катастрофы «Кловэрфілд» – была не з простых. Як дапасаваць да сучаснасці сусвет, які ствараўся на працягу 5 тэлесерыялаў і 10 кінафільмаў? Здаецца, ён ведаў адказ. Больш экшэна (стары «Шлях» быў пабудаваны ў значнай ступені на дыялогах) і лепшыя эфекты плюс старыя героі і важныя падзеі з іх мінулага. Сярод апошніх – вельмі смачныя моманты для аматараў серыі: пабудова флагмана Федэрацыі U.S.S. Enterprise, тэст Кабаяшы Мару маладога Кірка ці сам Леанард Німой – актор з арыгінальнага серыялу – у ролі старога Спока. І, канешне, «фішка» Абрамса – гульні з часам: сюжэт стужкі цалкам пабудаваны вакол падарожжаў у часе. У выніку гэтых падарожжаў і ўзнікае «абрамсаўская» версія падзеяў, якая зусім не пасуе да «кананічных» Стар Трэкаў. І гэтага троху шкада.
Да таго, як ідэя паліткарэктнасці сталася спачатку моднай, а потым нават агрэсіўнай, да таго як яна наогул з’явілася, Жэнэ Родэнбэры прыдумаў шматнацыянальную і шматрасавую каманду, а таксама Федэрацыю – залог мірнага суіснавання розных планет. Ухура – афраамерыканка, Сулу – азіят, а Чэкаў – рускі не таму, што таго патрабуюць правілы сучаснага заходняга дыскурсу, а таму, што стваральнік Стар Трэка хацеў гэтага. І верыў у паразуменне і мірнае суіснаванне яшчэ тады, калі ў аазісе свабоды і дэмакратыі паўсюднай была дыскрымінацыя неграў. Менавіта Стар Трэк быў першым тэлефільмам, дзе быў паказаны міжрасавы пацалунак.
Арыгінальны Стар Трэк запачаткаваў інтэлігентную тэлівізійную фантастыку. Праблемамі першых сезонаў былі: этыка, чалавечая натура, дабро і зло, значэнне пачуццяў, існаванне Вышэйшай Істоты ці развіццё навукі. Стар Трэк у выкананні Абрамса гэта, у першую чаргу, якасны фантастычны экшн. Момантаў, якія прымушаюць глыбей задумацца, амаль няма. Але паверце, што і гэтая новая форма вартая вашай увагі. Усім устаць! Капітан на мосціку!
Фільм: Star Trek / Зорны Шлях, ЗША, 2009 г., 126 хв.
Жанр: Стар Трэк – жанр сам па сабе, але для мэтаў класіфікацыі можна сказаць, што фантастыка
Рэжысёр: Дж. Дж. Абрамс
Асабістая адзнака: 8/10
Аляксей Шота