Новы бюджэт пражытачнага мінімуму: крыху больш за 100 даляраў на месяц

|

Для працаздольнага насельніцтва БПМ усталяваны ў памеры 963 130 рублёў, для пенсіянераў – 727 250 рублёў, для дзяцей да 3 гадоў – 749 950 рублёў, ва ўзросце 3-6 гадоў – 916 310 рублёў, ад 6 да 18 гадоў – 994 850 рублёў, для дзяцей-студэнтаў – 884 100.

 

Аўтары БПМ прадставілі структуру выдаткаў у межах зацверджанай сумы:

– прадукты харчавання – 58% (510 417 рублёў пры сярэднім БПМ роўным 880 030 рублёў)

– плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі – 7,6% (66 882 рублі)

– прадметы гардэробу – 20,5% (180 406)

– тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння – 4,6% (40 481)

– прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекаў – 2,5 (22 000)

– побытавыя і транспартныя паслугі – 4,9% (43 121)

– унёскі і плацяжы – 1,8% (15 840).

 

Сваё меркаванне, аб тым, ці можна пражыць на такія грошы, “Твайму стылю” выказалі некалькі гарадзенцаў.

 

Інга, маладая мама:

Я маю дзіця да трох гадоў, атрымліваю на яго грошы ў памеры трошкі большым за  750 тысяч, але нават гэтых грошай недастаткова, каб забяспечыць самы мінімум для нармальнага здаровага выхавання маленькага беларуса. Толькі ад 220 да 250 тысяч, як мінімум, ідзе на памперсы (залежыць ад памеру і колькасці ў пакунку). Добра, калі гэтага пакунка хапае на месяц.

 

Маленькае дзіця хутка пэцкае вопратку, гэта значыць, што больш расходуецца вады, бо трэба часцей праць, затрачваецца больш грошай на парашок, мыла. Таксама больш затрачваецца электраэнэргіі, паколькі маленькае дзіцятка не будзе сядзець у цемры.

 

Шакуе сума, адведзеная на прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекаў – цэлых 22 тысячы! Думаю, на гэтыя грошы можна купіць толькі бінт, вату і пластыр. А маленькія дзеткі хварэюць даволі часта. Напрыклад, калі мы захварэлі, а хварэем мы мінімум раз у сезон, то на лячэнне пайшло каля 150 тысяч. Канечне, існуе сістэма адпуску лекаў па бясплатных рэцэптах дзеткам да 3-х гадоў, але не ўсё прэпараты трапляюць у гэтую катэгорыю. Напрыклад, наш супрацьвірусавы прэпарат да іх ліку не адносіцца і каштуе 110 тысяч.

 

Што ўжо казаць пра вопратку. Некаторыя дзіцячыя рэчы каштуюць на роўні з дарослымі. Так, верхнюю вопратку можна купіць на выраст, але як быць з абуткам, якога добра, калі хапае на сезон, а розныя кофтачкі, штонікі, з якіх дзіця таксама даволі хутка вырастае або зношвае. А калі яшчэ браць у разлік прадукты харчавання (дзіцяці абавязкова патрэбны малако і малочныя прадукты, мяса, рыба, фрукты), то адназначна ў заяўленыя 750 тысяч немагчыма ўкласціся. Хіба толькі, калі кожны месяц пазбаўляць дзіця неабходнага. Напрыклад, развіваючай цацкі, якая, дарэчы, каштуе ад 100 да 200 тысяч рублёў.

 

Юля, працуе:

Мне пры татальнай эканоміі 100 даляраў на месяц хапіла, але з улікам таго, што: 1) па горадзе я езджу на ровары ці хаджу пешшу, 2) не набывала вопратку і абутак, 3) жыву адна і нікога дадаткова ўтрымліваць не трэба, 4) не ем мяса, не палю і не ўжываю алкаголь, 5) было цёпла, і не трэба было плаціць за ацяпленне.

 

Алеся, студэнтка-першакурсніца:

Заяўленай сумы мне адназначна не хапае на месяц. 500 тысяч я трачу на прадукты, на транспарт ідзе 200 тысяч (кошт праязнога і 2 разы на месяц з’ездзіць дамоў да бацькоў, і гэта пры тым, што я жыву адносна недалёка  ад Гродна). Аплата за інтэрнат каля 100 тысяч (калі здымаць пакой, бо не ўсім першакурснікам даюць інтэрнат, то і ўсе 400-600 тысяч).

Шмат грошай ідзе на канцылярскія патрэбы: ручкі, сшыткі, паперу для раздрукоўкі матэрыялаў, на ксеракапіраванне. Таму, каб укласціся ў заяўленую суму, давядзецца абысціся без абутку і вопраткі, а таксама не хварэць, каб не выдаткоўваць грошы на лекі. Я ўжо не кажу пра паходы на розныя культурныя мерапрыемствы, у тэатр і кіно.

 

Здымак baltijalv.lv