Дні Губерта 2012 у фотаздымках

З самай раніцы пачала працу навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест”, у якой мелі прыняць удзел не толькі гарадзенцы ды навукоўцы з іншых гарадоў Беларусі, але і госці з Польшчы. На жаль, праз адмовы ў выдачы віз, не ўсе з іх змаглі трапіць у Гродна.

 

 

Канферэныя была прысвечаная памяці выбітнага гарадзенскага гісторыка Міхася Ткачова: 31 кастрычніка споўнілася 20 год з дня яго смерці.

Пасля абеду ініцыятыву перахапілі арнітолагі. Наведнікі мелі магчымасць штосці змайстраваць сваімі рукамі, а таксама папрысутнічаць на прэм’еры дакументальнай стужкі “Сокал над горадам”.

Увечары адбылося ўручэнне прэміі імя Юзафа Ядкоўскага. Яе, за сваю шматгадовую працу, атрымаў настаўнік і краязнавец Алесь Госцеў. Даследчыца Таццяна Касатая была ўзнагароджана за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Прысутныя маглі забраць дадому сапраўдную Фару Вітаўта – папяровы канструктар, які трэба выразаць і склеіць

 

Скончыўся дзень выступам Зміцера Вайцюшкевіча. На творчай сустрэчы павінна была прысутнічаць і Паліна Рэспубліка, але праз хваробу яна не змагла прыехаць. Зрэшты, Вайцюшкевіч выступаў таксама не надта здаровым.

Канцэрт прайшоў па стандартным раскладзе: гісторыя – песня – апладысмэнты – гісторыя – песня і г.д. Зміцер прэзентаваў колькі новых песен з гатунку “турэмнай лірыкі” і прадставіў найноўшы альбом на вершы польскага паэта Рафала Ваячэка.

 

Два разы ў аўтара прасілі выканаць “Сцяг”. Вайцюшкевіч жартаваў, што ў зале зашмат КДБшнікаў. Але на развітанне зала ўсё ж такі пачула чаканую песню.

Зусім нечаканым не толькі для артыста, але і для гледачоў было тое, што пасля фінальных авацый на імправізаваную сцэну падыйшоў хлопчык з залі і падарыў спеваку… піўны куфаль шклозавода “Нёман”.

 

Здымкі Яна Лялевіча, Юліі Каляды і Алісы Чэкатоўскай