Птушкі над горадам Губерта: страус і птэрадактыль

| Без катэгорыі

 

Як расказаў Дзмітрый Вінчэўскі, рэдактар сайта Birdwatch.by, ідэя мерапрыемства належыць Эдварду Дмухоўскаму, а яе увасабленнем занялася каманда беларускіх арнітолагаў.

 

Галоўнай задачай арганізатараў было зацікавіць не толькі дарослых, але і дзяцей, таму пабудову гнездавых скрыняў для сокала-пустальгі ператварылі ў гульню-спаборніцтва. Такія скрыні ўсталёўваюцца на паддашшах тых шматпавярховікаў, дзе вентыляцыйныя нішы, у якіх гняздуюць сокалы, замалыя для бяспечнага гадавання птушанят.

 

Удзельнікаў мерапрыемства падзялілі на чатыры групы. Тры дарослыя групы майстравалі гнездавыя скрыні, а дзеткі рабілі з канструктара розных птушак. Яны хіба і стараліся больш за астатніх: за некалькі хвілін на стале з’явіўся страус, а потым і птэрадактыль.

 

Людзей было не надта шмат, але ўсе займаліся сваёй працай старанна і з захапленнем.

 

Удзельнікі атрымалі на памяць гарадзенскія календары на 2013 год, магніты і значкі.

 

Пасля гэтага пачаўся даўгачаканы паказ фільма “Сокал над горадам”, на які прыехаў сам рэжысёр Ігар Бышнёў.  Усю імпрэзу завяршыла фотавыстава беларускіх арнітолагаў.

 

Здымкі Яна Лялевіча і Юлі Каляды