“Гарадзенскі палімпсест” на польскай зямлі

|

На гэтую акалічнасць звярнуў увагу падчас пятай штогадовай Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест” адзін з яе сталых удзельнікаў і арганізатараў, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

 

Мерапрыемства праходзіла 3-4 лістапада і было прысвечана памяці гарадзенскага гісторыка, археолага, грамадскага і палітычнага дзеяча Міхася Ткачова. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Таварыства беларускай школы, Беларускае гістарычнае таварыства, Інстытут славістыкі Польскай Акадэміі Навук, а таксама грамадская выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”.

Сярод арганізатараў “Гарадзенскага палімпсеста”, згодна з заўвагай спадара Смаленчука, не было гістарычнага факультэта Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ды і само мерапрыемства ладзілася па сутнасці не на беларускай зямлі, а ў прыналежным Польшчы, па прынцыпе экстэрытарыяльнасці, памяшканні, якое прадаставіла Генеральнае консульства гэтай краіны ў Гродне. Шэф дыпламатычнай пляцоўкі, гісторык па адукацыі, Анджэй Хадкевіч падкрэсліў, што яму вельмі прыемна прымаць у зале консульства гістарычную канферэнцыю, прысвечаную Гродна.

 

“Спадзяюся, што ў наступных канферэнцыях прыме ўдзел значна больш навукоўцаў з Польшчы, чым сёлета” – заўважыў генеральны консул. Заўвага польскага дыпламата не была выпадковай. Справа ў тым, што шмат каму з польскіх даследчыкаў у гэтым годзе не ўдалося патрапіць на “Гарадзенскі палімпсест”, бо беларуская амбасада адмовіла ім у візах.

 

Тыя ж, хто прыехаў, узбагацілі канферэнцыю, неаднойчы выказваючы сенсацыйныя з пункту гледжання ранейшых даследванняў тэзы. Так, напрыклад, доктар гістарычных навук Алег Латышонак з Беластока выказаў у сваім дакладзе версію, што патронам Гродна пачаткова, перад святым Губертам, мог быць іншы святы – Амэрык Венгерскі.

 

Рэпрэзентацыя польскіх удзельнікаў сёлетняга “Гарадзенскага палімпсесту”, нягледзячы на цяжкасці з візамі, не абмежавалася доктарам Латышонкам. Манаграфію пра гісторыю гарадзенскіх тэатраў у 1784-1864 гг., напрыклад, прэзентаваў даследчык з Вроцлава Збігнеў Ендрыхоўскі.

 

Кульмінацыяй першага дня канферэнцыі стала ўручэнне запачаткаванай у гэтым годзе гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі ўзнагароды імя Юзафа Ядкоўскага. Першымі яе лаўрэатамі сталі краязнавец і знакаміты педагог Алесь Госцеў, а таксама гісторык Таццяна Касатая. Нагадаем, што напярэдадні ўручэння прэміі ад яе адмовіўся галоўны прэтэндэнт на ўзнагароду Андрэй Чарнякевіч.

Таксама ў межах канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест” адбылася прэзентацыя шостага выпуску выдання “Горад святога Губерта”. У зборнік увайшлі шэраг краязнаўчых артыкулаў па гісторыі Гродна, яе “рэканструкцыі”, а таксама “Успаміны пра стары Гродна”, якія былі запісаныя і падрыхтаваныя да друку Таццянай Касатай і Андрэем Вашкевічам.

 

Другі дзень працы канферэнцыі быў прысвечаны Гародні XIX-XX стагоддзяў. Прагучалі, між іншымі, даклады Алеся Смаленчука, які прасачыў і сістэматызаваў трансфармацыю знакаў памяці постсавецкага Гродна, Андрэя Вашкевіча і Андрэя Чарянкевіча, якія даследавалі занёманскае прадмесце горада. Вялікую цікавасць выклікалі працы кандыдатаў гістарычных навук Таццяны Вароніч і Алеся Радзюка пра жыцце крымінальнай Гародні.

  

Падсумоўваючы працу канферэнцыі, Алесь Смалянчук падкрэсліў, што пяты “Гарадзенскі палімпсест” адбыўся на высокім навуковым узроўні, а па яго выніках у серыі “Гарадзенская бібліятэка” будзе выдадзены чарговы том навуковага зборніка.

 

Здымкі аўтаркі і Яна Лялевіча