Святары, манахі і семінарысты згуляюць у футбол
У спаборніцтвах возьмуць удзел ксяндзы з Гродна, Мінска і Віцебска, зборная манахаў, пінскія і гарадзенскія семінарысты.
Распачнецца чэмпіянат у 12 гадзін св.Імшой у Фарным касцёле.
Спаборніцтвы пройдуць у спарткомплексе “Алімпія” з 15 да 18.30.
Для заўзятараў таксама падрыхтаваныя спецыяльныя конкурсы.
Пра ідэю Чэмпіянату распавёў адзін з арганізатараў гульняў кс. Павел Салабуда:
– Перш за ўсё, гэты турнір арганізаваны на карысць пакліканняў. Запрашаем усіх жыхароў Ліды, асабліва міністрантаў, каб кожны з іх мог убачыць, кім з’яўляецца святар, што гэта чалавек малітвы, душпастар, але таксама і чалавек, які, напрыклад, любіць спорт і да т.п. У праграме прадугледжаны шматлікія конкурсы для гледачоў і выступы гуртоў. Уваход у спартыўны комплекс бясплатны, таму сардэчна запрашаем.
Усё распачнецца супольнай св. Імшой а 12-й гадзіне ў Фарным касцёле ў Лідзе, а пасля супольнай малітвы мы накіруемся ў спарткомплекс “Алімпія”. Аб сваім удзеле ў Чэмпіянаце ўжо паведаміў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, які, як мы ўсе добра ведаем, вельмі любіць спорт і сам ім займаецца.
Здымак http://baznica.info