Чалавек-аркестр
Вялікі Аркестр Святочнай Дапамогі, менавіта так называецца гэтая акцыя, якая штогод збірае ўсё больш і больш сродкаў, якія пералічаюць на дапамогу хворым дзецям. У сёлетняй акцыі на сераду 14 студзеня было сабрана больш за 30 мільёнаў злотых (10 мільёнаў долараў) – відаць, будзе чарговы рэкорд. Чаму імпрэза называецца Вялікім Аркестрам? Усё проста: амаль у кожным горадзе Польшчы, а таксама і за мяжой, адбываюцца канцэрты: у вялікіх гарадах граюць зоркі, у меншых – мясцовыя музыкі. Але мэта адна – сабраць як мага больш грошай.
З самай раніцы на вуліцах – мноства валанцёраў, да акцыі можа далучыцца кожны, а жадаючых сапраўды шмат. За кожнае ахвяраванне, нават за найменшае, валанцёр дае налепку ў выглядзе сэрца. У другую нядзелю студзеня, калі традыцыйна адбываецца Фінал Вялікага Аркестру, на вуліцы цяжка спаткаць чалавека без чырвонага сэрца – сімвала акцыі – на вопратцы.
Нават тыя, што не вельмі хочуць дзяліцца, у гэты дзень даюць што-нешта, проста каб ад іх адчапіліся. Валанцёраў жа шмат… А паказваючы налепачку, ты быццам кажаш: «Я ўжо даў! Хопіць з мяне на сёння!» Акрамя збору грошай на вуліцы, падчас канцэртаў праходзяць аўкцыёны, дзе можна за неверагодны кошт купіць які-небудзь паліцэйскі дручок ці кавалак польска-славацкай мяжы, якая ўжо год як фактычна не існуе. Але знаходзяцца людзі, гатовыя аддаць за гэта некалькі сотняў злотых – для дзяцей усё ж такі. Акцыю падтрымліваюць інтэрнэт-аўкцыёны: на іх можна набыць гітару рок-зоркі, асадку міністра, падарожжа на падводнай лодцы ці дзень працы ў тэлебачанні!
А польскі інтэрнэт-камунікатар Gadu Gadu выстаўляе на аўкцыён самы кароткі нумар карыстальніка. У гэтым годзе Аркестр збіраў на тэхніку, якая б дазволіла ранняе выкрыццё пухлін у дзяцей, у мінулым – на дапамогу дзецям з ларынгалагічнымі захворваннямі. Ад 1993 году, калі Вялікі Аркестр зайграў у першы раз, фонд набыў мноства каштоўнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца сёння ў польскіх шпіталях. Таксама ён на працягу году праводзіць курсы першай дапамогі і чатыры сталыя медычныя праграмы. Не гледзячы на тое, што арганізацыя знаходзіцца пад пільным кантролем, знаходзяцца людзі, якія не вераць у добрыя намеры Овсяка і кампаніі.
Рэгулярна перад чарговым Фіналам Аркестру ў інтэрнэце і радыкальнай каталіцкай ды правай прэсе з’яўляюцца абвінавачванні ў крадзяжы грошай з фонду. А паколькі Овсяк таксама арганізуе штогадовы рок-фестываль «Прыпынак Вудстак» (у падзяку для валанцёраў Аркестра), можа часам пачуць, што ён прапагандуе алкаголь, наркотыкі ды культ Хары Крышны. Асабліва агрэсіўны бывае права-каталіцкі электарат у сталым узросце: здараліся спробы прагнаць валанцёраў з-пад касцёлаў («рыбнае» месца).