“Споведзь” Ларысы Геніюш змяніла назву і носьбіт
Васямсот восемдзясят хвілін успамінаў нашай зямлячкі, вядомых з кнігі “Споведзь”, выдадзены Беларускім Гістарычным Таварыствам у Беластоку. Аўтарскі тэкст агучыла народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Па словах кіраўніка праекту Яраслава Іванюка, задума папулярызацыі ўспамінаў узнікла прыкладна 2-3 гады таму пры чарговым чытанні “Споведзі”. Перачытваючы кнігу другі раз, напісанае ўспрымалася па-іншаму. Тады і прыйшло разуменне, што маладое пакаленне беларусаў з Беласточчыны штосьці павінна пакаленню Ларысы Геніюш.
Аўдыёкніга “Птушкі бяз гнёздаў” з’яўляецца часткай праекту “Памяць па-над часам і межамі”. Працягам стане выданне ўспамінаў на польскай мове ў перакладзе Чэслава Сэнюха.
Што тычыцца назвы аўдыёкнігі, то гэта радкі з тэксту. Як патлумачыў спадар Яраслаў, першапачатковая назва “Споведзь” не вельмі падабалася самой аўтарцы. Таму назва, пад якой пабачыла свет аўдыёкніга, з’яўляецца больш дарэчнай. Ларыса Геніюш у радках “мы, як тыя птушкі бяз гнёздаў” мела на ўвазе сваю сям’ю.
Міхась Скобла
Літаратуразнаўца Міхась Скобла не зусім згодзен з дарэчнасцю назвы. На яго думку, загаловак “Споведзь” пазнавальны і больш дарэчны да ўспамінаў. Назва аўдыёкнігі сугучна з назвай аднаіменнай кінастужкі, якая была знята на “Беларусьфільме”. Па словах спадара Міхася, стужка не адлюстроўвае сапраўднага вобраза, якому адпавядала Ларыса Геніюш. Фільм падае яе вобраз зусім адвольна, у яго ўведзены эпізоды, якіх ва ўспамінах няма.
Яраслаў Іванюк, Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль
Гарадзенская паэтка Данута Бічэль зазначыла, што назве надаецца занадта вялікая ўвага. На яе думку, галоўнае тое, што ўспаміны папулярызуюцца. Спадарыня Данута ўзгадала момант са свайго жыцця, калі была запрошана дырэктарам кінатэатра “Кастрычнік” на прагляд фільма “Птушкі без гнёздаў” для таго, каб яна параіла ці можна паказваць гэты фільм шырокай аўдыторыі. Фільм не паказалі і ён быў забаронены. І тут уражанні гарадзенскай паэткі адрозніваюцца ад агульнага успрыняцця гэтага кінатвора Міхасём Скоблам. Паэтка адзначае, што стужка заставіла яе забыць, што гэта грае артыстка, а не сама Ларыса Геніюш.
Зінаіда Бандарэнка
Сваімі ўражаннямі ад агучвання падзялілася Зінаіда Бандарэнка. Народная артыстка параўнала жыццё Ларысы Геніюш з нашым часам: “тыя самыя катаванні, прымусы”. Выснова спадарыні Зінаіды відавочная – гісторыя паўтараецца.
Прафесар Аляксей Пяткевіч выказаў спадзяванне, што Ларыса Геніюш будзе некалі кананізаваная як хрысціянская святая.
Прэзентацыя аўдыёкнігі скончылася выступам барда Алеся Камоцкага. Усе прысутныя атрымалі дыск “Птушкі бяз гнёздаў” у падарунак. Прэзентацыя адбылася ў межах Дзён Губерта, якія праходзілі ў горадзе з 2 па 5 лістапада.
Здымкі Яна Лялевіча