Першую аперацыю па перасадцы ныркi плануецца правесцi ў Гродне

|

Як паведаміў “Твайму стылю” галоўны ўрач Гродзенскай абласной клiнiчнай бальнiцы Святаслаў Савiцкі, першая аперацыя будзе праведзена не раней, чым у наступным годзе. На дадзены момант для гэтых мэтаў ўжо закуплена неабходнае абсталяванне. У Гродне таксама маюцца лекары, якія прайшлі падрыхтоўку на базе Беларускага рэспубліканскага цэнтра трансплантацыі органаў і тканей і якія гатовыя да дадзенай аперацыі.

 

Трансплантацыя органа магчымая як ад памерлых донараў, так і ад жывых сваякоў пацыента. Па статыстыцы, так званая “жывая трансплантацыя” на 10-15% больш выніковая, чым трансплантацыя ад мёртвых донараў.

 

Для грамадзян Беларусі гэтая аперацыя з’яўляецца бясплатнай, а для замежнікаў яе арыентыровачны кошт у нашай краiне складае каля 30 тысяч даляраў. Дарэчы, у Нямеччыне аперацыя абыйдзецца ў суму ад 80 да 110 тысяч, а ў Ізраілі каля 60 тысяч даляраў.

 

Упершыню ў свеце паспяховая аперацыя па перасадцы ныркі была праведзена Джозэфам Мюрэем у далёкім 1954 годзе ў ЗША, пасля чаго пацыент пражыў яшчэ 9 гадоў. На сённяшні дзень трансплантацыя ныркі здольна падоўжыць жыццё пацыента на 10-15 гадоў і больш.