Падтрымаць гурт “Дай дарогу” ў Гродне прыйшоў… адзін чалавек
Планавалася, што неабыякавыя аматары творчасці “Дай Дарогу” збяруцца тут ды ў знак салідарнасці праспяваюць песні любімага гурта. Аднак людзі не прыйшлі. Нягледзячы на тое, што адпаведная група УКантакце налічвае больш за 350 чалавек, на нязвыкла цёмнай пляцоўцы каля клуба прагульваўся толькі адзін малады чалавек з гітарай у руках.
Нагадаем, музычны фэст “Рок-хваля” павінен быў прайсці ў клубе “Alpha Centaurі” ў ноч з 6 на 7 лістапада, аднак быў адменены літаральна за тыдзень. Афіцыйная прычына – дрэнны продаж квіткоў. Але прадстаўнікі гуртоў, якія збіраліся граць на фэсце, кажуць, што звычайна ніхто не набывае квіткі на мясцовыя канцэрты загадзя.
Асноўная частка гледачоў, як правіла, набывае квіткі адразу перад канцэртам на месцы яго правядзення. Тым больш, умяшчальнасць клуба каля 2000 чалавек: месца хапіла б усім жадаючым.
У Брэсце, дзе канцэрт гурта “Дай дарогу” быў таксама адменены, фанаты зладзілі дастаткова вялікую акцыю, на якую прыйшло больш за 40 чалавек. Гарадзенцы аказаліся менш арганізаванымі.
Тым не менш, лідар гурта “Дай дарогу” Юрый Стыльскі ў каментары “Твайму стылю” шчыра падзякаваў за падтрымку і зазначыў:
“Думаю, гэтае пытанне з адменай канцэртаў можа хутка вырашыцца. У нас ёсць навіны, сыходзячы з якіх мы зараз будзем спрабаваць арганізаваць канцэрт, пакуль што ў Брэсце. Можа атрымаецца”.
На пытанне, ці могуць гарадзенцы чакаць у бліжэйшым часе канцэртаў гурта, Юры адказаў: “Спадзяюся, што так”.