З Гродна да Мінска і Віцебска можна даехаць па электронных квітках

З поўным спісам цягнікоў, на якія распаўсюджваецца гэтае беларускае ноў-хаў, можна азнаёміцца на афіцыйным сайце беларускай чыгункі.

Пасажыр можа набыць квіток на цягнік з дапамогай камп’ютэра і банкаўскай карткі або адной з плацёжных сістэм.

 

Аплата квітка праз Інтэрнет з электроннай рэгістрацыяй дазваляе не толькі сэканоміць час, не афармляючы праязны дакумент у касе, але і поўнасцю выключае магчымасць  страціць ці сапсаваць яго. Электронная рэгістрацыя выконваецца не пазней, чым за 1 гадзіну да адпраўлення цягніка з станцыі адпраўлення маршрута. Пасадка пасажыра ажыццяўляецца пры наяўнасці дакумента (пашпарта), на які была аформлена электронная рэгістрацыя.

 

Аплаціць квіток можна як праз Інтэрнэт-банкінг (сайт чыгункі змяшчае спіс банкаў), так і з дапамогай сістэм электронных грошай Easy Pay і WebMoney. Акрамя гэтага, зараз ідзе праца па падключэнні сэрвіса продажу квіткоў да сістэмы Інтэрнет-эквайрынга (Інтэрнет-эквайрынг  –  гэта прыём на сваім сайце аплаты за тавары ці паслугі пры дапамозе банкаўскіх карт).  Гэта дазволіць набыць квіток па пластыкавай картцы Visa International, MasterCard WordWide любога банка свету.

 

На сайце беларускай чыгункі змешчана відэадэманстрацыя набыцця квіткоў з электроннай рэгістрацыяй, якая тлумачыць, як замовіць квіток он-лайн.

Супрацоўнікі Беларускай чыгункі распавядаюць, што кожны дзень колькасць квіткоў, рэалізаваных праз Інтэрнет, павялічваецца. У кастрычніку праз сайт было прададзена амаль 15 тысяч праязных дакументаў. У тэставым рэжыме на некаторых маршрутах сістэма пачала працу 12 верасня.  

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” вырашыў на асабістым досведзе праверыць, ці на самой справе гэта так проста і зручна, і паспрабаваў набыць электронны квіток на цягнік да Мінска.

Рэгістрацыя на сайце і выбар патрэбнага цягніка занялі не больш за 5 хвілін. Яшчэ пяць – на тое, каб аплаціць квіткі. Для гэтага трэба зайсці ў асабісты кабінет на сайце банка (у маім выпадку гэта “БПС-Банк”), да якога належыць картка. Выбраць аплату квіткоў і пацвердзіць аплату.

 

На гэтым увесь працэс набыцця скончыўся. Праблем з пасадкай на цягнік не ўзнікла. Пры сабе дастаткова мець пашпарт, на які зарэгістраваны квіток.

Праваднік правярае толькі пашпарт. Перад адпраўленнем цягніка праваднікі атрымліваюць звесткі пра ўсіх, хто зрабіў электронную рэгістрацыю.