З Дзмітрыем Дашкевічам у гродзенскай турме № 1 сустрэўся адвакат
Як паведаміла БелаПАН намеснік старшыні “Маладога фронту” і нявеста Дашкевіча Анастасія Палажанка, Дзмітрый расказаў адвакату падрабязнасці свайго этапіравання з Мазыра ў Гродна.
“Дашкевіча адправілі на этап толькі 4 лістапада. Суткі правёў у магілёўскай турме, яшчэ суткі — у баранавіцкай. Раніцай 7 лістапада прыбыў у гродзенскую турму № 1. Суткі правёў у каранціне, пасля чаго быў пераведзены ў камеру ў новы корпус турмы, які зняволеныя назыаюць “амерыканкай”, — расказала Анастасія.
Яна зазначыла, што, паводле слоў Дзмітрыя, у “амерыканцы” ў параўнанні са старым корпусам турмы — “бастыёнам” — больш строгі кантроль з боку адміністрацыі, але пры гэтым не так востра стаіць пытанне спальных месцаў на колькасць зняволеных. Пакуль умовы ў гродзенскай турме не прынцыпова адрозніваюцца ад умоў у памяшканнях камернага тыпу глыбоцкай і мазырскай калоній, дзе раней утрымліваўся Дашкевіч.
Паводле слоў Палажанкі, Дзмітрый адчувае сябе бадзёра, ні на што пакуль не скардзіцца.
Дзмітрый Дашкевіч быў затрыманы разам з яшчэ адным актывістам “Маладога фронту”, Эдуардам Лобавым, у Мінску 18 снежня 2010 года па абвінавачанні ў збіванні двух мужчын. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную меру па “зачыстцы” грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прызнаў Дашкевіча вінаватым, прыгаварыўшы яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча палітзняволеным.
Першапачаткова лідар “Маладога фронту” адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе. Дашкевіча перавялі ў мазырскую калонію № 20.
30 кастрычніка суд Мазырскага раёна зноў прызнаў Дашкевіча злосным парушальнікам рэжыму і прыняў рашэнне аб яго пераводзе ў турму. Анастасія Палажанка сцвярджае, што Дашкевіч фактычна ніяк не мог стаць злосным парушальнікам рэжыму, паколькі адразу пасля прыбыцця ў мазырскую калонію быў памешчаны ў штрафны ізалятар, а затым — у памяшканне камернага тыпу.
У гродзенскай турме № 1, куды дастаўлены лідар “Маладога фронту”, адбывае пакаранне яшчэ адзін палітзняволены, прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч.