Псіхатэрапеўтычная дапамога: каб не згубіць сябе

|

У нашым паўсядзённым жыцці сустракаюцца людзі, якія вядуць сябе незвычайным чынам. Часам мы можам назіраць, як хтосьці не можа пайсці на канфлікт з прадаўцом у краме і запатрабаваць вярнуць грошы за кепскі тавар, як іншы чалавек баіцца кантактаваць з незнаёмым ці звярнуцца да яго на вуліцы, а калі ўжо адважыцца загаварыць з ім, то ў яго пачынаюць дрыжэць рукі і паскараецца рытм сэрца.

 

Сярод нас ёсць людзі, якія ўвесь час маюць сумны выраз твару, ціхі голас, запаволеныя рухі. Яны абыякавыя да сваёй знешнасці, часта скардзяцца на чэрствыя і несправядлівыя адносіны да сябе, адчуваюць млявасць, незадаволенасць сабой і сваім жыццём, няўпэўненыя ў сабе, хаця больш-менш спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

 

Сустракаюцца людзі, якія ўвесь час скардзяцца на боль у сэрцы, боль у жываце, галавакружэнне, скурны сверб і г.д., нягледзячы на поўную адсутнасць у іх якой-небудзь паталогіі ўнутраных органаў, якая тлумачыла б іх нараканні. Здараецца, што такія людзі гадамі ходзяць ад аднаго лекара да другога, з аднаго стацыянара ў другі, з аднаго абследавання на другое, і не знаходзяць прычыну сваіх сімптомаў.

 

У аснове паводзін такіх людзей ляжаць запушчаныя і нявырашаныя ўнутраныя псіхалагічныя праблемы, якія, на жаль, імі самімі не ўсведамляюцца. У выніку такі чалавек не звяртаецца за псіхатэрапеўтычнай дапамогай, ад чаго пакутуе ён сам і яго атачэнне. Такія паводзіны прыкметна парушаюць ход жыцця, абцяжарваючы выкананне сацыяльных, прафесійных, сямейных функцый.

 

“У старажытнасці неўратычныя расстройствы лічыліся “маскай” усіх хвароб” – сцвярджае псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага шпіталю №3 Алег Васіленка. Ён тлумачыць, што “маска” – гэта псіхічныя комплексы, стыль будавання адносін, які не прыносіць ані задавальнення, ані радасці, ані пачуцця шчасця.

 

Калі людзі няправільна фармуюць стаўленне да сябе і навакольнага асяроддзя, яны адчуваюць боль, смутак, пакуты і расчараванне. Каб справіцца з гэтым акурат і існуе псiхатэрапеўтычная дапамога, да якой, на жаль, многія з нас ставяцца насцярожана.

 

“Як людзі баяцца турмы ці страты розуму, так і прыстаўка “псіха” выклікае ў іх страх” – тлумачыць прычыну такіх адносін беларусаў да псіхатэрапеўтаў прафесар кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага медычнага універсітэта Алена Каралёва.

 

Паводле яе, такое стаўленне ўзнікае яшчэ ў дзяцінстве. Пануе меркаванне, што ты “слабак”, калі маеш патрэбу ў дапамозе, ці парадах. “Але на самой справе – ўсё наадварот: толькі самы моцны, валявы чалавек прызнаецца, што яму неабходна дапамога. Такі чалавек выкліча не спачуванне, а павагу людзей, – адзначае, абапіраючыся на свае назіранні, прафесар і дадае, што ў люстэрку можна ўбачыць толькі знешнасць. – Але няма такога люстэрка, у якім адбіваюцца ўнутраныя якасці человека. Таму кожны дрэнна ведае сябе, свой унутраны свет і душэўныя якасці, і кожнаму час ад часу можа спатрэбіцца дапамога спецыяліста, які і выканае ролю люстэрка”.

 

Лічыцца, што грамадства, у якім людзі ахвотна звяртаюцца за дапамогай, больш высокаразвітае, а людзі ў ім зусім не “слабакі”. Прафесар Каралёва з уласнага прафесійнага досведу ведае, да якіх сумных вынікаў прыводзіць адсутнасць звароту па псіхатэрапеўтычную дапамогу.

 

“Чалавек незадаволены жыццём, сабой і сваім становішчам, не ўмее ствараць, ды захоўваць cям’ю, адчуваць сябе камфортна ў калектыве. У рэшце рэшт ён даводзіць сябе да дэпрэсіі, і іншых псіхасаматычных растройстваў”.

 

“Твайму стылю” ўдалося паразмаўляць з пацыентамі Гарадскога клінічнага шпіталю №3. З расказаў гэтых людзей стала зразумела, што яны апынуліся на шпітальным ложку таму, што своечасова не звярнуліся па псіхатэрапеўтычную дапамогу. А не зрабілі гэтага, бо не ўсведамлялі, што ў іх ёсць псіхалагічныя праблемы.

 

Шмат хто апынуўся тут дзякуючы лекарам іншай спецыялізацыі ці па намове знаёмых, а некаторыя давялі сябе да такога стану, які прымусіў іх саміх звярнуцца сюды, бо ўжо нельга было адкладваць. Сярод пацыентаў ёсць і тыя, хто сутыкаўся з гэтай дапамогай раней і вырашыў прайсці паўторна курс лячэння, каб паправіць здароўе.

 

“Я баяўся, што людзі пра мяне скажуць, што я “дурны”, страціў розум, але цяпер зразумеў, што гэта зусім не так. Сюды звяртаюцца людзі нармальныя, але з унутранымі псіхалагічнымі праблемамі” – усхвалявана распавядае адзін з пацыентаў.

 

Псіхалагічныя праблемы заўважальна зніжаюць якасць жыцця, а ў самым скрайнім выпадку могуць прывесці да суіцыду. Колькасць самагубстваў найвышэйшая сярод людзей, якія развяліся, страцілі блізкага чалавека, не мелі дзяцей, жылі асобна. У групе рызыкі знаходзяцца таксама людзі, якія не маюць сістэмы падтрымкі і сацыяльных сувязей: бежанцы, эмігранты.

 

Праблема самагубстваў вельмі актуальная для Беларусі. У нашай краіне, паводле статыстыкі мінулага году, здарылася 22,9 выпадкаў самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вельмі высокі паказчык і з ім Беларусь апынулася на зусім не пачэсным чацвёртым месцы ў свеце па колькасці самагубстваў.

 

Самым распаўсюджаным псіхічным расстройствам з’яўляецца дэпрэсія і каля 50 адсоткаў суіцыдаў адбываецца або ў яе часе, або ў выніку так званых дэпрэсіўных эпізодаў.

 

Каб пазбегнуць такіх наступстваў варта задумацца, якую ролю ў нашым жыцці мае псiхатэрапеўтычная дапамога. Здаровы чалавек вырашае свае псіхалагічныя праблемы, пераходзячы ад адной з іх да другой, а неўратычная асоба захрасае на адной і той жа, пастаянна вяртаючыся і не могучы вырашыць яе. Людзям з неўрозамі цяжка падзяліцца сваімі праблемамі, выказацца наконт свайго душэўнага стану. Галоўныя спадзяванні яны ўскладаюць на іншых, а не на сябе, а потым адчуваюць расчараванне. Для вырашэння гэтых і іншых псіхалагічных праблем і існуе псiхатэрапеўтычная дапамога.

 

Варта пра гэта памятаць, каб не згубіць сябе.

 

Здымак budni.by