Каты вінаватыя

Калі гараж знеслі, пасля яго засталіся толькі дзве ямы для агляду машын, патрэсканая бетонная падлога і шмат бруду. Жыхары дома №49 на вуліцы Сацыялістычнай вырашылі навесці парадак на гэтай тэрыторыі: прыбралі бруд, рэшткі бетона, ямы засыпалі зямлёй.

На кавалку ўздоўж агароджы раслі ландышы ды фіялкі. Людзі падсыпалі яшчэ зямелькі ды пачалі высаджваць кветкі. Вясной радавалі вока ірысы, першацвет, затым піёны, язмін. Па агароджы разросся дзікі вінаград, густа каласавала ўсюдыісная касмея. Бліжэй да восені з’яўляліся араматныя флопсы, геаргіны, хрызантэмы – якая прыгажосць была!

 

Але аднойчы прыехалі супрацоўнікі домаўпраўлення і павыдзіралі ўсе кветкі. Прыбралі нават пірамідальны ядлавец, ссеклі куст язміна.

 

Свядомыя жыхары дома запатрабавалі тлумачэнняў. І тут пачалося! Аказваецца, сярод кветак хаваюцца каты, якія пацарапалі машыну і занеслі ў дзіцячы садок лішай! І ўвогуле – санстанцыя супраць таго, каб мясцовыя жыхары падкармлівалі катоў, бо мухі лётаюць!

Побач з суседнім домам, відаць, таксама былі кусты, але камунальшчыкі “акультурылі”…

 

Пацарапаная катамі машына? Смешна! Лішай? Як высветлілася, у садок яго занеслі не каты, а новы дзіцёнак. Жыльцы кормяць вулічных катоў? Так, ёсць у нас бабулькі, якія сваю нерастрачаную пяшчоту аддаюць катам, кормяць іх і нават стэрэлізуюць за свой кошт.

 

Цяпер наш двор, які зусім нядаўна квітнеў рознымі колерамі, стаў прытулкам усіх далёкіх і блізкіх алкаголікаў. Гэтыя і бутэлькі тут выкідаюць, і пошукамі туалета не заклапочваюца, не зважаючы на блізкасць дзіцячага садка…

 

Каму ад гэтага стала лепш? Будаўнікам. Цяпер яны зноў свабодна могуць скідаць арматуру на тое месца, дзе рос язмін, высыпаць з прычэпаў трактароў дошкі, а з самазвалаў – пясок ды гліну. Вось і выйшла з усяго гэтага сапраўднае свінства. Каты вінаватыя?

Кот быццам бы кажа нам: “Я не царапаў машыну і наогул нічога дрэннага не рабіў!”

 

Здымкі Яна Лялевіча