Сусветна вядомы ды-джэй выступіць у Гродне

|

Арганізатары вечарыны чакаюць, што яна выкліча вялікую зацікаўленасць гарадзенскай моладзі, бо Сандэр Кляйненберг – гэта адзін з самых знакамітых сучасных ды-джэяў свету. Ён нарадзіўся ў 1971 годзе і пачаў сваю музыную кар’еру ва ўзросце 15 гадоў. Праз 10 год ён упершыню выступіў у Нью-Ёркскім клубе Anthem са сваім трэкам YDW (You Do Me Wrong).

 

     
  Сапраўдная слава прыйшла да Сандэра ў 2000 годзе, пасля выпуску ЕР 4 seasons і кампазіцыі My Lexicon, якую да гэтага заграў амаль кожны ды-джэй планеты. У 2004 годзе Сандэр быў ацэнены таксама як прадзюсэр. Ён атрымаў узнагароду DanceStar Award за лепшы рэмікс для песні Джасціна Тымберлэйка Rock Your Body.  Сандэр здабываў і іншыя прэстыжныя трафеі, між іншым  узнагароду  Muzik Magazine Award за “Best Radio 1 Essential Mix of 2001″ у 2001 годзе. На дадзены момант у Top 100 DJ’s свету госць Гродна займае 15 месца.   
     

 

Як паведамілі “Твайму стылю” арганізатары вечарыны, ладзіць яе дапамагла кампанія Freedom Music. Яна дзейнічае ў межах праекту Global Gathering, які арганізуе буйныя музычныя імпрэзы па ўсёй Беларусі.

 

Прывабіць Сандэра Кляйненберга ў Гродна атрымалася па некалькіх прычынах. “Па-першае, яму было цікава прыехаць у новую краіну, па-другое, у нас дастаткова вялікая пляцоўка ў клубе для правядзення мерапрыемства такога маштабу. Да таго ж запрашэннем займалася кампанія якая ўжо запрашала такіх вядомых ды-джэяў як Tiesto і Armin Van Buuren”, –распавёў “Твайму стылю” Вазген, адзін з арганізатараў вечарыны з зоркай. Вазген дадаў, што ў будучыні клуб “Альфа Цэнтаўра” плануе штомесяц запрашаць у Гродна такіх вядомых зорак.

 

Пачатак вечарыны з удзелам Сандэра Кляйненберга заплянаваны на 22.00. Вечарына працягнецца ўсю ноч і закончыцца а 5.45 раніцы ў нядзелю.

 

Кошты квіткоў на вечарыну вагаюцца ад 30 да 60 тысяч рублёў, у залежнасці ад таго, ці ўдасца патрапіць у першую, другую, трэцюю, ці чацвёртую пяцісотку іх набыўцаў. Для ўладальнікаў студэнцкіх білетаў кошты квіткоў могуць быць меншыя.

 

Дадатковую інфармацыю аб правядзенні мерапрыемстваў у клубе “Альфа Цэнтаўра” можна атрымаць у афіцыйнай суполцы Укантакце.

 

Здымак myspace.com