Дабрачынны канцэрт на карысць хворых дзетак у гродзенскім клубе «Alpha Centauri»
Ініцыятарамі канцэрта выступілі бацькі цяжка хворых блізнятак і Гродзенскае дабрачыннае таварыства. Іх падтрымала абласная філармонія.
Малыя нарадзіліся раней тэрміну, маюць дыягназ “ДЦП і змяшаная гібрацэфалія”.
Мама блізнятак Ларыса Санюкевіч:
– Дыягназ аднаму сыну паставілі ў год, у год і чатыры месяцы – другому. Нам можа дапамагчы ўстаноўка баклафенавай помпы, якая дапаможа зняць спастыку і дасць мышцам магчымасць развівацца, а костцы расці.
Такія аперацыі робяць у Маскве. Толькі на адну аперацыю неабходна 33 тысячы долараў, а зрабіць яе трэба і Сашы, і Пашы.
Пакуль грошай удалося сабраць зусім мала. Знаёмыя параілі бацькам зладзіць дабрачынны канцэрт.
Ларыса:
– Знаёмыя далі нумары тэлефонаў LITESOUND і OPEN SPACE. Музыкі вельмі добра адрэагавалі, адразу пагадзіліся дапамагчы.
Гродзенская абласная філармонія дапамагае з распаўсюдам білетаў, з апаратурай. Дапамагае нам і Гродзенскае дабрачыннае таварыства.
Дабрачынны канцэрт пройдзе ў гродзенскім клубе «Alpha Centauri» 24 лістапада.
Пачатак у 19.00
Кошт квітка – 60 тысяч рублёў.
Усе сродкі пойдуць на аперацыі Сашы і Пашы.