Топ-7 палітвязняў гарадзенскай турмы

 

 

align=”left” >

1. Напалеон Орда – беларускі мастак, кампазітар, педагог, удзельнік паўстання 1830-31 гг., палітэмігрант. Цягам павальных арыштаў паўстанцаў 1863 года і асобаў, якія ім садзейнічалі, на пэўны час апынуўся ў гарадзенскай турме. Дзякуючы ягонай акварэлі таго перыяду можам сабе ўявіць унутраны выгляд гарадзенскага астрогу сярэдзіны ХІХ ст.

 

 

2. Тамаш Грыб – беларускі “эсэр”, сябра Рады БНР, рэдактар гродзенскай газеты “Родны край”.

 

15 ліпеня 1919 года арыштаваны польскімі ўладамі ў Вільні, як рэдактар газеты “Родны край”, за артыкул “Правам ці мячом”. Быў пераведзены ў гарадзенскую турму, адкуль быў вызвалены з дапамогай следчага Ю. Дамбровы 9 лістапада 1919 года пад грашовы заклад у 400 рублёў.

 

У час спаткання ў турме Тамаш перадаў Паўліне Мядзёлцы прыватны дзённік, дзе пісаў аб сваім каханні. На наступным спатканні Паўліна перадала яму адказ, з просьбай лічыць яе сваёй жонкай.

 

3. Паўліна Мядзёлка – старшыня Грамады беларускай моладзі ў Гродне, адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў п’есе Янкі Купалы, арганізатар дзіцячых прытулкаў, беларускіх школ, жонка Тамаша Грыба.

 

20 ліпеня 1919 года была арыштавана палякамі. У сваіх успамінах “Сцежкамі жыцця” Паўліна адзначала, што на яе ліст да гарадзенскіх сяброў, з просьбай прынесці ў турму перадачку з бялізнай ды вопраткай, ніхто не адрэагаваў…

 

Паводле ўспамінаў Я. Антонава ў турме да жанчын ставіліся больш паблажліва: “Мядзёлка прахаджвалася ў гародзе за домам, – пісаў Я.Антонаў, – атрымлівала абеды з клубу [“Беларуская хатка”], чытала ўволю газеты і кнігі, курыла папяросы, якімі часта і нас надзяляла ў часе нашай праходкі па кругу, кідаючы іх са свайго вакна. Перад ёю мы грэшныя; мы зайздросцілі яе турэмнаму шчасцю”.

 

4. Браніслаў Тарашкевіч – аўтар першай беларускай граматыкі, адзін з лідэраў “Грамады”, адзін з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Школы. Арыштоўваўся двойчы, падчас другой ходкі – у 1931-1933 гадах сядзеў пераважна у гарадзенскай турме, адкуль яго ў лістападзе 1932 – лютым 1933 года вывозілі ў Вільню на судовыя паседжанні.

 

У турме знаходзіўся ў адной з найбольш вільготных камераў – № 45, “адзіночцы”. Цягам зняволення перакладаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, працаваў над граматыкай беларускай мовы, якая носіць ягонае імя – “тарашкевіца”. Тройчы ўдзельнічаў у галадоўках вязняў. На волю пераслаў адкрыты ліст супраць Радаслава Астроўскага, які пайшоў на згоду з палякамі.

 

Вясной 1933 года быў пераведзены з Гродна ў Плоцк, а ў верасні ў выніку абмену палітвязнямі апынуўся ў СССР (Тарашкевіча памянялі на Францішка Аляхновіча, аўтара “У кіпцюрах ГПУ”), дзе быў расстраляны ў 1938-м.

 

5. Сяргей Прытыцкі – “баявік” КПЗБ, прафесійны рэвалюцыянер, Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР нарэшце…

 

Застрэліў сведку з боку абвінавачання ў зале суда ў Вільні на палітычным “Працэсе 17-ці”. Пры арышце сам быў цяжка паранены. У чэрвені1936 года быў прыгавораны ды павешання (сядзеў у камеры смяротнікаў у віленскіх “Лукішках”), аднак з-за акцыяў салідарнасці па ўсёй Еўропе прысуд быў заменены на пажыццёвае зняволенне. Сядзеў у Вільні, Ракавічах, Гродне. Вызвалены толькі ў верасні 1939 года, пасля чаго зрабіў сабе неблагую партыйную кар’еру.

 

6. Валянцін Таўлай – паэт, літаратуразнавец, дзеяч міжваеннага руху Заходняй Беларусі.

 

Упершыню апынуўся пад канвоем ва ўзросце 13 гадоў (!) за арганізацыю вучнёўскай забастоўкі. У гродзенскай турме сядзеў двойчы: першы раз быў арыштаваны за падпольную дзейнасць у 1929-м, другі раз – за спробу пераходу польска-савецкай мяжы ў 1934-м: тады быў засуджаны на 8 год і вызвалены толькі ў верасні 1939-га. Пад некаторымі вершамі Таўлая стаіць паметка “Гродна, астрог”.

 

7. Піліп Пестрак – паэт, празаік, дзеяч КПЗБ, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР

 

Першы раз Пестрак патрапіў у Гродзенскую турму ў 1929-м, дзе і знаходзіўся да 1933-га. Пасля вызвалення вярнуўся да падпольнай дзейнасці: быў інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, таму ў 1934 годзе яго зноў арыштавалі. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна.

 

Хадзілі чуткі, што Пестрак настолькі прывык да гарадзенкага астрога, што нават пасля свайго вызвалення ў верасні 1939-га пэўны час хадзіў начаваць у камеру. У час зняволення (1929—1939) змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе “Краты”, які выдаваўся палітвязнямі.

 

У найноўшы перыяд гісторыі гарадзенскую турму наведвалі журналіст Павел Шарамет, аператар Зміцер Завадскі, прадпрымальнік Валер Леванеўскі, журналіст і дзеяч Саюза палякаў Анджэй Пачобут. Сёння ў ёй знаходзяцца “афганец” Мікалай Аўтуховіч ды лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч. Але гэта ўжо новая, яшчэ не дапісаная старонка гісторыі гарадзенскага астрогу…

 

Даслаць ліст жывому палітвязню Гродзенскай турмы можа кожны жадаючы:

 

Мікалай Аўтуховіч

230023, г.Гродна, вул.Кірава, 1, турма №1

 

Зміцер Дашкевіч

230023, г.Гродна, вул.Кірава, 1, турма №1

 

 

Пра гісторыю гарадзенскай турмы можна таксама паслухаць у серыі тэматычных праграм у архіве радыё “Твой стыль”

Першая ілюстрацыя: гарадзенская турма на акварэлі Напалеона Орды