Леанід Дранько-Майсюк прадставіць гарадзенцам кнігу вершаў “Кніга для спадарыні Эл”

|

У 11 гадзін паэты сустрэнуцца з чытачамі ў Гродзенскім каледжы камунальнай гаспадаркі (вул.Васілька, 31), у 14.00 – у Каледжы бытавога абслугоўвання (вул.Сухамбаева, 3).

 

Пра сваю новую кнігу, што выйшла сёлета ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў, Леанід Дранько-Майсюк  распавёў  “Твайму стылю”:

 

Кніга павінна была з’явіцца яшчэ ў 2005 годзе. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у якім я шмат гадоў працаваў, падрыхтавала кнігу да выдання ў 2007 годзе, набралі тыраж 1500 экзэмпляраў, але тады яна так і не з’явілася…

 

Хто такая спадарыня Эл?

 

Гэта прадстаўніца гламурнага свету, а ўсё, што звязана з гламурам, я, як аўтар, вельмі не люблю. У яе характар каралевы Боны, і багацце таксама. Такія жанчыны ёсць. Ім здаецца, што жыццё і хараство іх вечнае, што яны могуць кіраваць усімі.

Грошы толькі тады грошы, кал яны сумленна зарабляюцца, а ўся эстэтыка гламуру накіраваная на несумленнае здабыццё грошай.

 

Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся ў Давыд-Гарадку.

Свае першыя вершы надрукаваў у раёнцы “Навіны Палесся” ў 1972 годзе.

Скончыў Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага ў Маскве, з 1982 года працаваў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, з 2002 года займаецца толькі творчасцю. Аўтар шматлікіх вершаваных зборнікаў, выступае як празаік.

Сваім лепшым творам лічыць  верш „Полька беларуская”, лепшай кнігай  — „Цацачную краму”, любімым заняткам  — глядзець на кветкі…

 

Паэт, перакладчык і бард Эдуард Акулін  паходзіць з Веткаўскага раёна. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і аспірантуру Інстытута літаратуры НАН Беларусі.

 

Адзін з пачынальнікаў беларускага бардаўскага руху. Удзельнік песенных і паэтычных фестываляў, лаўрэат  Першага беларускага бардаўскага фестывалю (1993 г.), прэмій часопіса „Маладосць” (1990 г.) і тыднёвіка „Літаратура і Мастацтва” (1996 г.) за лепшыя паэтычныя падборкі.

Эдуард Акулін — галоўны рэдактар літаратурнага часопіса для моладзі “Верасень”, а таксама намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

 

Здымак http://nesvizh.by