Абараніць жывёл на заканадаўчым узроўні пакуль не атрымліваецца

|

Яшчэ некалькі год таму абаронцы правоў жывёл выступалі за прыняццё падобнага закона. Аднак у выніку апошняя рэдакцыя праекта не задаволіла ані грамадскія аб’яднанні, ані гаспадароў жывёл.

 

Нагадаем, што законапраект “Аб абыходжанні з жывёламі” быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні 28 лістапада 2011 года і накіраваны, як канчаткова падрыхтаваны для разгляду ў другім чытанні, прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

 

Законапраект прадугледжваў шмат абмежаванняў – напрыклад, ліміт пражываючых у кватэры жывёл. Калі б закон быў прыняты, то ў кватэры можна было б трымаць не больш за двух, напрыклад, катоў. Ці ката з сабакам. Усіх астатніх, залішніх жывёл планавалася адбіраць.

 

Ва ўмовах, калі ў краіне няма ніводнага прытулка, а пункты часовага ўтрымання, у лепшым выпадку, ёсць у абласных цэнтрах, гэта азначала для жывёл смерць. Пры гэтым супрацоўнікі ЖЭСаў былі б надзелены паўнамоцтвамі доступу ў кватэры з мэтай канфіскацыі жывёл.

 

Адметнасць гэтага законапраекта яшчэ ў тым, што пачатковы яго варыянт быў падрыхтаваны ажно 10 год таму. Далейшы лёс закона быў не вельмі прадуктыўны – праляжаўшы сем год у парламенце, ён быў здадзены ў архіў. Атрымліваецца, што цяпер ён трапіць туды ўжо ў другі раз.

 

Нараканняў з боку грамадскіх арганізацый было шмат, прапаноў – таксама. Аднак у тэксце праекта яны не былі ўлічаны. Напрыклад, спіс патэнцыйна небяспечных парод сабак. Абаронцы жывёл прапаноўвалі яго значна скараціць і выключыць тэрмін “их помеси”. Бо такім чынам да гэтай катэгорыі прылічвалі б і беспародных сабак, што магло пагоршыць і так невырашаную праблему знішчэння жывёл на вуліцах.

 

Кажа сябра Рады гарадзенскага грамадскага аб’яднання “Адданае сэрцаЭла Лісончык:

 

“Самым шакуючым для мяне з’яўляецца палажэнне ў гэтым праекце аб тым, што «пры адлове безнаглядных і дзікіх жывёл дапускаецца прымяненне імабілізуючых (гэта значыць, часова зрабіць жывёлу нерухомай – аўт.) прэпаратаў, а ў выпадках неабходнай абароны або крайняй неабходнасці – абясшкоджванне жывёл з выкарыстаннем зброі». Па вялікім рахунку гэта развязала б рукі ўсім, хто мае права насіць і карыстацца зброяй. Акрамя таго, у Беларусі для гэтых мэтаў няма прэпарата, які можна было дакладна разлічыць. Да гэтага часу на практыцы выкарыстоўвалі проста павышаныя дозы падобнага прэпарата, які выклікаў пакутлівую смерць ад удушша”.

 

Тое, што праблем у адносінах да жывёл і сумеснага з імі суіснавання ў гарадах вельмі шмат, адзначаюць і дэпутаты, і абаронцы правоў жывёл. І вырашаць іх трэба ўжо зараз.

 

Зараз адзіным законам,які хоць неяк рэгулюе гэтую сферу, застаюцца “Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”, зацверджаныя Саўмінам яшчэ ў 2001 годзе.

 

Дакументам, які прадугледжвае адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, застаецца Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, а максімальным пакараннем за жорсткасць – арышт на 15 сутак ці штраф.

 

Здымак ampby.org