Краязнаўчыя календары гарадзенскага “ТБМ” зноў не трапяць у продаж
Краязнаўчыя календары старшыня гарадзенскай суполкі “ТБМ” Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч рыхтуе, пачынаючы з 2010 года.
Штогод ён спрабуе дамагчыся магчымасці прадаваць календары праз дзяржаўныя крамы, але кожны раз вымушаны друкаваць і распаўсюджваць іх прыватным чынам.
Аляксей Пяткевіч:
– Календары павінна была надрукаваць прыватная друкарня, але дазвол выпускаць наклад для продажу ў дзяржаўных крамах ёй можа даць толькі “Белкніга”. Аднак адказу на зварот у “Белкнігу” друкарня так і не дачакалася, таму мы былі вымушаныя забраць замову.
Цяпер зноў будзем друкаваць прыватным чынам невялікую колькасць асобнікаў і распаўсюджваць без продажу.
Ужо некалькі разоў я спрабаваў дамагчыся, каб нашыя краязнаўчыя календары таксама былі ў крамах, але безвынікова. Усяляк супраціўляюцца, ім гэта непажадана, а друкарні адмаўляліся, тлумачачы фінансавай нявыгаднасцю.
Перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзенскага “ТБМ” рыхтуецца на мясцовым матэрыяле. Ён распавядае пра вядомых асоб ( пісьменнікаў, мастакоў, вучоных ) і гістарычныя падзеі, юбілей якіх адзначаецца ў гэтым годзе.