Гродзенская пушча ўвойдзе ў транспамежны міждзяржаўны нацыянальны парк
Пра неабходнасць агульнага плана кіравання транспамежнымі тэрыторыямі пад асаблівай аховай і развіццё экатурызму гаворка вялася яшчэ на Міжнароднай нарадзе прадстаўнікоў Беларусі і Літвы, што адбылася 16 верасня 2011 года ў Гродне.
З беларускіх тэрыторый у зону ўвагі ўвайшлі “Гродзенская пушча” і беларуская частка транспамежнай зоны “Чапкеляй-Котра”.
Канчатковая мэта – захаванне багатай прыроднай спадчыны, наданне ёй адзінага прыродаахоўнага статуса, інтэграцыя гэтых тэрыторый у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку, фармаванне якой павінна завяршыцца ў 2015 годзе.
На першым этапе будуць распрацоўвацца рознамаштабныя тэматычныя мапы прыродаахоўных тэрыторый.
Падрыхтоўка “Атласа транспамежных ААПТ Літвы і Беларусі: прыроднае асяроддзе і турысцка-рэкрэацыйнае прыродакарыстанне” распачатая ў межах міжнароднага праекта “Менеджмент транспамежных асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Алітускага уезда і Гродзенскай вобласці і іх інтэграцыя ў агульнаеўрапейскую сетку”.
Праект рэалізуецца цягам 2012-2013 гадоў па Праграме транспамежнага супрацоўніцтва Еўрасаюза “Латвія-Літва-Беларусь” у межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.
З беларускага боку выканаўцай з’яўляецца геаграфічны факультэт БДУ.
На папяровых і электронных носьбітах будуць выкананыя:
– Аглядная мапа транспамежных асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Беларусі і Літвы ў маштабе 1:400000 з разгорнутай легендай (пералік тэрыторый, іх плошча, нацыянальны і міжнародны статус і г.д.).
– Мапы асобных транспамежных ААПТ маштаба 1:100000 на топааснове з указаннем існых функцыянальных зон, каштоўных прыродных, гістарычных, культурных, рэкрэацыйных аб’ектаў, турыстычных маршрутаў і экалагічных сцяжын, памежных пераходаў і г.д.
– Мапы канфліктных сітуацый прыродакарыстання транспамежных ААПТ маштаба 1:100000 з нанясеннем на іх кропкавых, лінейных,плашчадных крыніц, якія робяць шкоду навакольнаму асяроддзю альбо яго асобным кампанентам. У лягендзе будуць адлюстраваны від крыніцы канфлікта, ступень інтэнсіўнасці ўздзеяння, аб’екты канфліктных сітуацый, іх праявы і г.д.
– Мапы транспамежнай экалагічнай сеткі памежнай зоны Беларусі і Літвы ў маштабе 1:400000. Мапа тэрытарыяльна вылучыць зоны са спецыяльным рэжымам выкарыстання, які рэгламентуе прыродакарыстанне ў транспамежнай экалагічнай сетцы, гаспадарчую і іншую дзейнасць на гэтай тэрыторыі.
Створаныя ў межах праекта мапы стануць базай у падрыхтоўцы Плана кіравання транспамежнымі прыроднымі тэрыторыямі.