“Райскія яблычкі” – апавяданні Сяргея Астраўца з берагоў Нёмана і Гараднічанкі
13 апавяданняў, напісаных з 2001 па 2009 гады. Тры з іх друкаваліся ў “Дзеяслове”, два – у зборніках “Ад Лідскіх муроў”, астатнія існуюць толькі ў электронным варыянце. Яднае іх Гродна.
– Гэтыя апавяданні я задумваў і пісаў менавіта тут, у гэтым горадзе, і наш горад увесь час фігуруе, – кажа Сяргей Астравец.
Самы вялікі тэкст кнігі – “Мармур не смяецца”, гісторыя апошняга караля Рэчы Паспалітай вачыма і ў свядомасці аўтара. Гэта не гістарычны твор.
Сяргей Астравец:
– Кожны дзень я хаджу па сваім горадзе, гляджу на камяніцы, якія памятаюць пра гістарычных асоб, што пакінулі тут свае сляды. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў мяне выклікае вялікую цікавасць.
У Польшчы, ведаю, да яго ставіліся вельмі негатыўна. Я ж хацеў паказаць, што ён, па сутнасці, быў ахвярай сітуацыі, якая была мацней за яго. Ён імкнуўся мадэрнізаваць дзяржаву, развіваць мануфактуры, культуру, шмат будавалася ў яго час, у тым ліку ў Гродне. Як патрыёт свайго горада я хацеў за яго заступіцца…
Кожны аўтар хацеў бы патрымаць кнігу ў руках, але гэта дарагое задавальненне. Да таго ж, “у інтэрнэце чытаюць, а кнігі не купляюць”, – кажа Сяргей Астравец. Таму, калі інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат” прапанавала яму размясціць апавяданні ў Сеціве, ён пагадзіўся.
Каб паказаць атмасферу Гродна, якой прасякнутыя “Райскія яблычкі”, у часе прэзентацыі аўтар пакажа 2 кароткія фільмы, фонам будзе гучаць перадача “Радыё Рацыя”.
Пачатак прэзентацыі ў галерэі “Крыга” а 17-ай гадзіне.