Фінансавыя піраміды: гандаль паветрам

|

На другім канцы жаночы голас далікатна пытаецца аб маёй асобе: прафесія, узрост, заняткі. Бухгалтарскае мінулае тут вельмі спатрэбілася, а вось аб прыналежнасці да журналісцкай працы згадваць не стала. Трубка ўзарвалася эмоцыямі: “Вы нам вельмі падыходзіце, запрашаем, калі ласка, на сустрэчу”.

 

Сустрэча адбывалася ў звычайным офісе, якіх у Мінску сотні і тысячы. Апынуўшыся ў памяшканні, знайшла сваю тэлефонную знаёмую. Яна запрасіла прысесці і чакаць пачатак прэзентацыі.

 

Села, аглядзелася па баках: вось група людзей, з выгляду галоўных у гэтай супольнасці, гутарыць з такім відам, нібы зышлі з вокладкі часопіса “Форбс”; вось – пачаткоўцы, такія ж як я. Пачынаецца прэзентацыя. Хвілін праз дваццать разумею ўвесь прынцып працы ў гэтай “элітнай” арганізацыі.

 

Вы можаце, безумоўна, уступіць у прадпрыемства без унясення грашовых сродкаў. Але ў хуткім часе аб гэтым пашкадуеце, паколькі астатнія, тыя, хто ўнёс грошы (у еўра!) будуць дражніць вас сваімі высокімі заробкамі. Заробкі гэтыя яны атрымаюць, дзякуючы набытаму статусу (пакету) у прадпрыемстве.

  

Школьных матэматычных ведаў дастаткова, каб палічыць, што для таго, каб проста вярнуць свае ўкладзеныя грошы, вам прыдзецца заманіць у фірму чалавек дванадцать такіх як вы “прадпрымальнікаў”.

 

Набытыя пакеты адрозніваюцца коштам і колькасцю атрыманых камп’ютарных урокаў: нас пераконваюць, што нейкі геній прыдумаў унікальную праграму навучання працы на камп’ютары. Як, вы ўжо ўпэўнены карыстальнік?! Тым больш – праграма настолькі  ўнікальная, што ўладальнік “геніяльнага” курсу мае вялікія шанцы прадаць урокі таму, хто яшчэ нічога не разумее ў гэтай справе. І надалей зможа паспяхова гандляваць гэтымі курсамі па цэлым свеце. Такая вось ружовая перспектыва малюецца… Але на просьбу паглядзець хаця б адзін урок атрымліваю адмову. Гэта – эксклюзіў. Заплаціце, тады і глядзіце.

 

Мае пытанні і цікаўнасць прывялі да таго, што заснавальнікі гэтага “пірамідальнага” бізнэсу палічылі мяне перспектыўнай ашукальніцай і раскрылі галоўны сакрэт – прывесці як мага больш людзей, якія потым набудуць пакет (пажадана – самы дарагі) для старту дзейнасці ў фірме. А яшчэ яны вельмі хацелі, каб гэтая піраміда пад выглядам навучальнай праграмы была прывезена ў Гродна. На сённяшні дзень ашукальнікі і будаўнікі фінансавых пірамід сталі больш асцярожнымі і хаваюць свае афёры пад дахам сумленнага бізнэсу. А на самой справе так і гандлююць паветрам – нікому не патрэбнымі і пустымі таварамі, курсамі і паслугамі.

 

Да таго ж, атрымалася паглядзець і на некалькі, так званых, урокаў. Было і смешна, і сумна. Напрыклад, вось што прапануецца чалавеку, які пачынае вывучаць камп’ютар з нуля: “Уключыць камп’ютар, уставіць дыск і перамясціць інфармацыю з дыска на свой камп’ютар”. Але як гэта зробіць чалавек, які не ведае, з якога боку падыйсці да тэхнічнага сродка? “Урокі” не маюць канкрэтных, карысных і простых інструкцый для пачаткоўцаў, таму чалавек ніколі не зможа навучыцца працаваць на камп’ютары самастойна.

 

Карацей, “ідэя, час якой прЫйшоў”, на самай справе апынулася ідэяй, час якой даўно прАйшоў. Аднак заснавальнікі пірамід, выкарыстоўваючы імкненне чалавека да навізны і разнастайныя рэкламныя “ноу-хау”, працягваюць выпампоўваць грошы з нашых кішэняў. А навучыцца працы на камп’ютары можна на самых шараговых курсах і амаль бясплатна.

 

Ілюстрацыя frezz.ru