Гарадзенскі Еўрапейскі клуб запрашае на публічныя лекцыі Алеся Лагвінца
Мэта курса – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітыкаў Еўрасаюза, паказаць асноўныя мадэлі і этапы эвалюцыі ЕС, развіць у слухачоў навыкі аналізу еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў. У рамках курсу будуць праведзены дэбаты і абмеркаванні актуальных пытанняў еўраінтэграцыі.
Лагвінец:
– Хачу прадставіць карціну еўрапейскай інтэграцыі, паказаць, якія магчымасці яна дае.
Беларусь, што знаходзіцца ў Еўропе, таксама закранутая працэсамі еўрапейскай інтэграцыі, і мы толькі выйграем, калі будзем ведаць, што адбываецца за нашымі заходнімі межамі. Гэта адзін са спосабаў пераадолення самаізаляцыі Беларусі.
Алесь Лагвінец ладзіць адкрытыя лекцыі на тэму Еўрапейскай інтэграцыі з 2006 года. Спачатку яны праходзілі ў Мінску, дзе іх праслухалі больш за 300 студэнтаў і маладых спецыялістаў. Сёлета далучыліся Гомель, Магілёў і Гродна.
Лагвінец:
– Спадзяюся, гэта дасць добры штуршок для развіцця. Некалькі маіх слухачоў ужо павучыліся ў Еўрапейскім каледжы, у іншых еўрапейскіх ВНУ у Швецыі, Германіі, Францыі, некаторыя – самі ўжо з’яўляюцца экспертамі, пачынаючымі, але вельмі шматабяцальнымі, ёсць тыя, што працуюць у грамадскіх арганізацыях, у СМІ.
На курс лекцый у Гродне запрашаюцца студэнты, маладыя спецыялісты і ўсе, хто зацікаўлены паглыбленым вывучэннем еўрапейскай інтэграцыі. Паспяховыя слухачы атрымаюць сертыфікат Еўраклуба і рэкамендацыі стажыравання.
Мова выкладання – беларуская (для вывучэння ўсіх матэрыялаў курса веданне ангельскай мовы пажаданае, але не абавязковае).
Курс складаецца з трох частак і будзе выкладацца па суботах (1, 8 і 15 снежня) з 12 да 17 гадзін.
Усім патэнцыйным удзельнікам прапануецца сабрацца 1 снежня а 12:00 ля вежы пажарнага дэпо (вул.Замкавая, 19) і потым разам пайсці на сядзібу, дзе будзе адбывацца курс.
Дадатковая інфармацыя і папярэдняя рэгістрацыя на курс па тэлефоне +375296061034 альбо па эл. адрасе lahviniec@gmail.com .
Здымак http://www.adukacyja.info