Да свайго 20-годдзя гарадзенскія філатэлісты аднавілі структуры

|

“Сваю арганізацыю мы зарэгістравалі ўпершыню ў 1992 годзе, – кажа новаабраны старшыня абласной арганізацыі Фрыдэрык Гушча. – У ёй было каля 120 чалавек. Аддзяленні былі ў пяці раёнах вобласці. Але старое кіраўніцтва давяло да таго, што ў складзе арганізацыі засталося ўсяго сем чалавек, аддзяленні ў раёнах самаліквідаваліся.

 

Пяць год таму мы пачалі аднаўленне, да гэтага былі зарэгістраваныя як гарадское аб’яднанне. На дадзены момант у складзе арганізацыі 52 чалавекі. Стварыліся першасныя структуры ў Наваградскім, Шчучынскім, Бераставіцкім, Мастоўскім і Гродзенскім раёнах, у самым горадзе Гродна. Настаў час, што можна аднавіць абласную структуру з правамі юрыдычнай асобы.

 

Таму мы правялі сход заснавальнікаў па аднаўленні Гарадзенскага абласнога таварыства філатэлістаў, якое не існавала цягам апошніх пяці год. На пасаду гарадскога старшыні абралі актыўнага філатэліста, які распачынаў свае зборы яшчэ ў савецкі час ў Доме Піянераў. Я думаю, што ён годна зойме гэтае месца”.

 

Гарадзенскія філатэлісты актыўна прымаюць удзел у міжнародных выставах. Яшчэ ў гэтым годзе аматары збораў на рэлігійную тэматыку прадставяць свае калекцыі ў Беластоку. А тых, хто цікавіцца гісторыяй пошты ў Беларусі, у канцы снежня чакае адмысловае гашэнне, прысвечанае 150-годдзю чыгункі на Беларусі.

 

“Мне каштавала вельмі шмат часу і нэрваў, каб у Гродна прайшло падобнае гашэнне. Спачатку я даведаўся пра тое, што палякі выпусцяць адмысловую картку і марку да 150-годдзя чыгункі Варшава-Пецярбург. Потым трэба было расказаць кіраўніцтву Белпошты пра тое, што нашы суседзі робяць падобную справу і толькі пасля гэтага яны пагадзіліся на гашэнне”.

 

Беларуская пошта ўжо выпусціла маркі, прысвечаныя юбілею. Аднак, як лічаць самі філатэлісты, гэтая марка пачаткова павінна гасіцца не ў Мінску, як гэта было зроблена, а ў Гродне ці Парэччы, дзе захаваўся адзін з самых старых чыгуначных вакзалаў.

 

На здымку Фрыдэрык Гушча. Здымак аўтара