Пад Гродна прайшло ралі для серыйных аўтамабіляў
Ралі пачалося са збору ля гродзенскага абласнога Палацу творчасці дзяцей і моладзі, што ў Каложскім парку. Там, на стартавай пляцоўцы, кожны з удзельнікаў атрымаў свой нумар і “падыхаў ў трубачку”.
Светлафор змяніў свой колер з чырвонага на зялёны і экіпажы, адзін за адным, рушылі па маршруце, які атрымалі на старце. На маршруце пазначаны ўсе павароты і кіламетраж паміж імі.
Вуліцы горада, затым манеўраванне па пляцоўцы, потым драг-рэйсінг у малых маштабах у мікрараёне Альшанка. Затым ізноў пляцоўка ды спаборніцтвы па правілах у вёсках па дарозе да Аўгустоўскага канала. Зарачанка, Свяцк, Селіванаўцы і Нямнова – у тумане гэтыя вёскі былі ледзь бачныя ўдзельнікамі ралі.
align=”left” >
“Рэгламент на ўдзел быў выкладзены за месяц. Гэтыя спаборніцтвы вельмі адрозніваліся ад папярэдняга года, – распавядае іх арганізатар Павел Мікалаевіч. – У мінулым годзе трэба было проста прыехаць праз кантрольныя пункты, без нормаў часу. Цяпер на гэтых кропках ужо была норма: трэба было прыбыць за адведзены час. За больш ранняе або больш позняе прыбыццё накладвалі штраф”.
У гэтым годзе кожнага ўдзельніка чакала: хуткаснае фігурнае кіраванне на пляцоўцы для здачы экзаменаў у Панямуні, тэхнічнае кіраванне на тэрыторыі аўтакамбіната па вуліцы Перамогі і зусім новы тып практыкаванняў: разгон-тармажэнне ў мікрараёне Альшанка. Ускладніў спаборніцтвы даволі моцны туман у Альшанцы і на загарадных участках.
Агулам у ралі прыняло ўдзел 22 экіпажа: адзін з Мінска, астатнія гарадзенскія. На фінішы аўтамабілістаў чакалі не толькі падарункі ад спонсараў, але і сюрпрыз.
“Было прапанавана пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Удзельнікам спадабалася, хоць гэта і не аўтамабільны від спорту, – працягвае Павел. – Мне як арганізатару здаецца, што ў гэтым годзе дадалося шмат працы для штурманаў. Сачыць за легендай, лічыць сярэднюю хуткасць руху, глядзець на гадзіннік, каб прыехаць своечасова, і пры гэтым камандаваць кіроўцу, куды паварочваць. Зладжаная праца экіпажа была неабходнай”.
Па словах удзельнікаў, гэта спаборніцтва не саступае па ўзроўні мінскаму “Олдтаймер Ралі”. Спаборніцтвы маюць стаць традыцыйнымі: ужо запланавана трэцяе ралі ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада 2013 года. А ў лютым жадаючых пазмагацца ў кіраванні чакае “Гарачы снег” – спаборніцтвы па фігурным кіраванні на заснежаных пляцоўках.
Здымкі Яна Лялевіча і autogrodno.by