Дом Мураўёва: фасад адмылі, а інтэр’еры пачакаюць

| Без катэгорыі

Карэспандэнтка “Твайго стыля” змагла патрапіць у будынак. Рабочыя заахвочвалі рабіць здымкі таго, што засталося ад шыкоўных некалі інтэр’ераў. “Фоткайце зараз, бо іх больш тут не будзе”, – казалі яны пра дубовую лесвіцу і рэшткі малюнкаў на сценах.

У сярэдзіне 90-ых гадоў мінулага стагоддзя будынак былой бібліятэкі быў па-варварску разрабаваны, каштоўныя элементы дэкору знішчаны або раскрадзены. Каля 10 год будынак стаяў усімі забыты.

Новенькая ахоўная шыльда паведамляе, што “прычыненне шкоды караецца па законе”, аднак дзе быў той закон, калі будынку прычынялі шкоду апошнія амаль 20 гадоў?

“Беларускі народны пенсійны фонд” аднаўляе будынак з лета 2006 года. За гэты час будынак паспеў перажыць зіму без даху і змену падрадчыка. Зараз, нарэшце, бачны прагрэс.

Каваныя бальконы, бачныя на новым фасадзе, выканаў выдомы гарадзенскі каваль Юрась Мацко, ён жа рэстаўраваў браму. Пакуль што ў будынку пластыкавыя вокны, але ўладальнікі абяцаюць, што калі інтэр’еры будуць адноўленыя, іх заменяць на драўляныя. Калі гэта здарыцца – іншае пытанне.

 

     
  Здымкі з унутранага дворыка будынка можна пабачыць тут.  
     

 

 

Здымкі Алісы Чэкатоўскай