Сакрэт сямейнага шчасця – ніколі не сварыцца

|

У кракет пры знаёмстве, як будучая каралеўская пара, яны не гулялі ды Дартмуцкі марскі каледж не наведвалі. Аднак іх гісторыя знаёмства можа быць вартая пяра класікаў.

 

Альфонс Іванавіч хацеў ажаніцца на іншай дзяўчыне. Сэрца да яе не ляжала, але ў пасаг даваўся нядрэнны надзел зямлі. І тут акурат адбылася пасляваенная нацыяналізацыя. Драматычныя падзеі ў гісторыі заходніх беларусаў нечакана сталі для гэтай пары пачаткам моцнага сямейнага саюза.

 

“Я ж заўсёды яе любіў, – кажа Альфонс Іванавіч, – але супраць волі бацькоў не мог ісці. А калі зямельнае пытанне вырашылася, то нішто не перашкаджала мне зрабіць прапанову каханай дзяўчыне”. Такая нечаканая гісторыя Рамэа і Джульеты ў заходнебеларускім варыянце сярэдзіны ХХ стагоддзя.

У пакоі, куды мяне запрашаюць, утульна і светла, на сценах вісяць каталіцкія іконы, а на стале – вышыты гаспадыняй абрус.

 

Я ўжо ведаю, што Парэцкі сельсавет плануе нейкае свята для гэтай сталай пары. Таму ўсе думкі Браніславы Іосіфаўны заняты падрыхтоўкаў да яго. Яна адразу пачынае раіцца са мной, што ёй лепш апрануць, паказваючы сукенкі, якія акуратна ляжаць на канапе. На сваёй імпрэзе гаспадыня хоча выглядаць годна.

 

Маё першае пытанне досыць банальнае і традыцыйнае: У чым жа сакрэт сямейнага шчасця? Адказ я атрымліваю нечаканы: “Мы ніколі не сварыліся”. Я здзіўленая. Што, ніколі не было ніякіх непаразуменняў?

 

Аглядаючыся на пражытае жыццё, муж і жонка Ляўко прызнаюцца, што некалькі разоў спрэчкі па нейкіх малаважных пытаннях у іх ўзнікалі, а вось вялікіх сварак сапраўды не было.

 

Перабіраючы нешматлікія фотаздымкі, яны ўспамінаюць, як цяжка жылося пасля вайны. Існавалі нормы здачы малака і нават курыных яек, абавязковыя для ўсіх – гэта моцна навальвалася на маладую пару. Дзеля таго, каб пракарміць сям’ю, Альфонс Іванавіч уладкаваўся працаваць на мясцовую пякарню. У час працоўнай змены цеста мясілі рукамі, хлеб выпякаўся суткамі без перапынку. Нельга нават думаць было пра тое, каб цішком вынесці нейкі бохан – за такое вельмі лёгка можна было трапіць гадоў на дзесяць у Сібір. Прыкладна да сярэдзіны 50-х у гэтых месцах было вельмі неспакойна. У вёсцы перыядычна з’яўляліся літоўскія “лясныя браты”. Хаця жыць з пастаянным пачуццём небяспекі гэтай пары было не прывыкаць.

 

У час вайны Альфонса Іванавіча забралі на працу ў Германію. Разам з іншымі ён займаўся землянымі работамі ў адным з атрадаў арганізацыі Тодта. У пераможным сорак пятым ім вельмі пашанцавала, што лагер быў працоўны, а не канцэнтрацыйны – немцы папросту адчынілі браму і выпусцілі вязняў. Дамоў Альфонс Ляўко дабіраўся на перакладных. Таварны цягнік, які ішоў побач з роднай вёскай, тут наўрадці б спыніўся, аднак зноў пашанцавала. У паравозе закончылася вада, таму можна было нармальна сысці.

 

Браніслава Іосіфаўна таксама нацярпелася ў акупацыі. Начамі да іх прыходзілі савецкія партызаны, забіраючы ўсё, што можна. Днём у вёсцы з’яўляліся немцы, якія імкнуліся разабрацца, што рабілася ноччу. Вось так мясцовым жыхарам і прыходзілася балансаваць паміж двух агней.

 

Мы сядзім у пакоі і п’ем гарбату. Браніслава Іосіфаўна ўсё імкнецца пачаставаць мяне самаробным віном. Размова пераскоквае з адной тэмы на другую. Гаспадары ўспамінаюць то адзін, то другі эпізод са свайго доўгага жыцця, пільна ўглядаюцца ў мінулае. Браніслава Іосіфаўна гаворыць:

 

“Памятаю, як у маладосці мы з сяброўкамі прыйшлі на вясковую вечарыну басанож… А што было рабіць? Абутку не было, а патанцаваць хацелася”.

 

“Вёска наша паўстагоддзя назад, канешне, была паболей. Ідзеш па вуліцы і чуеш, як у адным двары пяюць беларускія песні, у другім – літоўскія, у трэцім – польскія. Нічога, жылі дружна”.

 

На маё пытанне, да якой нацыянальнасці адносяць сябе яны, Браніслава Іосіфаўна адказвае: “Мы – католікі”. На яшчэ адно традыцыйнае пытанне, хто ў хаце гаспадар, адклікаецца жанчына: “Ён, канешне ён”. Аднак пры гэтым хітра ўсміхаецца. Альфонс Іванавіч важна ківае галавой, згаджаецца, хаця мне падаецца, што ён папросту не дачуў, пра што ідзе гаворка.

 

Калісьці ў сям’і Ляўко была вялікая гаспадарка, а цяпер засталіся толькі куры. На штосьці іншае сіл ужо не хапае, ды і двое дзяцей дапамагаюць бацькам. Дзеці, дарэчы, да гэтае пары звяртаюцца да мамы і таты на “вы”. Браніслава Іосіфаўна расказвае, што жыццё ў іх удалося і ўсё нармальна.

 

Усе сваякі Браніславы Іосіфаўны ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя з’ехалі ў Польшчу, а яна засталася тут на зямлі, якую лічыць сваёй. Ані троху аб гэтым не шкадуе, адчувае сябе шчаслівай. Шкадуе толькі, што даўно не бачыла роднага брата, які жыве ў суседняй краіне. Візы, межы – гэта стала непераадольнай перашкодай.

 

Канешне, гаворыць яна, старасць гэта не маладосць, часам данімаюць розныя хваробы. Хаця, адзначу, для свайго ўзросту пара выглядае даволі бадзёра. А між тым Альфонсу Іванавічу хутка споўніцца дзевяноста, Браніслава Іосіфаўна на чатыры гады маладзейшая. У адзін голас яны сцвярджаюць: хочацца пажыць яшчэ, пабачыць, што будзей далей. Бо цікава.

 

Здымкі Яна Лялевіча