Гродзенскі тэатр лялек рыхтуе дзве прэм’еры для сямейнага прагляду
Паводле літаратурнага рэдактара гродзенскага лялечнага Марыны Блажыеўскай, спектаклям для сямейнага прагляду зараз у тэатры надаецца асаблівая ўвага, таму ў рэпертуары з’яўляецца ўсё больш пастановак, цікавых і для дзяцей, і для дарослых.
Снежаньскія прэм’еры – менавіта з такіх спектакляў. Аўтар абедзьвюх пьес і рэжысёр-пастаноўшчык – Алег Жугжда.
Гісторыя “Хлопчыка-Зоркі” добра знаёмая ўсім па пьесе Аскара Уайльда.
Яна пачынаецца з таго, што аднойчы два лесарубы ўбачылі, як падае зорка. Ім падалося, што ў яе святле ззяе скарб, але, замест спадзяваных багаццяў, на месцы падзення зоркі яны ўбачылі немаўля. Адзін з лесарубаў выхаваў дзіця ў сваёй сям’і. Прыгожы і разумны хлопчык вырас эгаістычным, жорсткім і няўдзячным. Ён жыў у чаканні, што аднойчы яго знойдуць бацькі – кароль з каралевай, але замест іх на парозе хаты лесаруба з’явілася жабрачка – сапраўдная маці хлопчыка.
Пра тое, што даводзіцца пераадолець герою, праз якія выпрабаванні прайсці, каб перамяніцца і заслужыць прабачэнне ўсіх тых, каго ён жорстка пакрыўдзіў, даведаюцца гледачы вельмі відовішчнага спектакля “Хлопчык-Зорка”.
“Казка пра чароўны гадзіннік” – спектакль навагодні. Падзеі ў ім адбываюцца ў наш час. Напярэдадні Новага году хлопчык знаходзіць гадзіннік, які, як высветлілася, выраблены знакамітым майстрам і мае чароўную моц – спыняць час.
Гэтым вырашае скарыстацца Стары год, каб ніколі не сыходзіць і валадарыць вечна.
Перашкодзіць яму могуць толькі дзеці, але зрабіць гэта няпроста.
“Казку пра чароўны гадзіннік” падчас зімовых канікул лялечнікі будуць граць па тры разы на дзень. Перад пачаткам спектакля ў файе дзяцей чакаюць навагоднія ранішнікі.
На здымку: Рэпетыцыя спектакля “Хлопчык-Зорка”
Здымак Яна Лялевіча