Там, дзе лялькі ажываюць

Такая мара, напэўна, была шмат у каго: хоць на хвілінку зазірнуць за кулісы тэатра, паглядзець з боку на тое, што адбываецца на сцэне, даведацца, як ствараецца тое хараство, што адбываецца на сцэне.

 

З раніцы ў калідорах шумна. Усё перамяшалася – лялькі, людзі. Грукаюць дзверы. Неяк адразу вельмі проста і натуральна ўваходзіш у гэты тлум і пачынаеш адчуваць нават асалоду ад такога руху. Ніхто на цябе не звяртае ўвагі, бо гэтая таўкатня – просты рабочы дзень для актораў. Для мяне ж усё ў навіну.

 

Вось і рэжысёр Алег Жугжда дзівіцца: “На рэпетыцыі будзеш сядзець?” Ківаю галавой і прабіраюся з-за куліс на сцэну. Тут пакуль нікога. Толькі дэкарацыі, мінімалістычныя і ў чорна-шэрай гаме. “Хлопчык-Зорка” – гэта вам не забаўляльная казачка з хэпі-эндам у стылі галівудсіх блокбастараў. Гэта казка, якая дае магчымасць разважаць, вучыць адчуваць. Але чаму такія дэкарацыі? Потым, пры праглядзе спектакля, разумею, што дэкарацыі – толькі фон, акцэнты задаюць святло і музыка, якую дарэчы напісаў адзін з актораў тэатра.

Тым часам, на сцэне становіцца шматлюдна – акторы паціху збіраюцца на рэпетыцыю. Мне даюць пачытаць сцэнар. Паспяваю толькі праглядзець апошнія радкі, як пачынаецца прагонка спектакля. Са слоў: “Здымаем святло ў залі” – Алег Жугжда пачынае рэпетыцыю.

 

Таэтр лялек – сапраўдная майстэрня цудаў. Час ад часу здаецца, што лялькі – жывыя. Вось і акторы размаўляюць з імі, шануюць, угаворваюць. Кажуць, што ў кожнай з лялек свой характар і звычкі, яны таксама, як і людзі, могуць быць не ў духу. Бывае і так, што актор не знаходзіць агульнай мовы са сваёй лялькай. І нічога не атрымліваецца. Не ідзе сумесная праца і ўсё тут. Тады, кажуць, трэба пасябраваць з ёю, задобрыць. Містыка!

 

Пабачыўшы на свае вочы, як лялькі ажываюць на сцэне, ужо наўрадці буду здзіўляцца розным, на першы погляд казачным гісторыям.

Дзеянне на сцэне вельмі захапляе і так ўражвае, што ў нейкі момант заўважаю, што сяджу з адкрытым ртом. Літаральна! Адзін з актораў заўвазжае і жартуе: “Што, зацягнула?” Яшчэ як! Не магу адарваць вочы ад таго, што адбываецца на сцэне. Хаця, здавалася б, што там асаблівага.

 

Каб адрэпетаваць гадзінны спектакль акторскай трупе патрабуецца ледзь не паўдні. Паўторы, раз за разам. Як толькі хапае цярпення і вытрымкі? Алег Алегавіч ходзіць па  залі: “Святло не трапляе на твар лялькі” – “А вось тут трэба крычаць ужо” – “Усе эмоцыі праз залю”.

 

Мне, простай глядачцы, здаецца, што і так добра, аднак пасля заўваг і я пачынаю прыглядацца да працэсу, заўважаючы тыя рэчы, пра якія нават не думала яшчэ паўгадзіны таму. Як рухаюцца акторы, як усё зрабіць прыгожа, куды схаваць ляльку. Гэтыя, на першы погляд, нязначныя пытанні і складаюць агульную карціну. Можа, гэта яна так заварожвае? А можа ўсё з-за таго, што на сцэне ды ў залі пануе сяброўская атмасфера, дзякуючы якой адчуваеш сябе быццам дома. І вось ужо смеяшся з  жартаў і ў хуткім часе пачынаеш разумець спецыфічныя тэрміны.

Каб не раскрываць да канца інтрыгу, гісторыя эгаістычнага і жорсткага хлопчыка, які праходзіць праз розныя выпрабаванні, каб заслужыць парабачэння ад усіх, каго ён пакрыўдзіў, на сцэне будзе глядзецца нечакана і вельмі па-сучаснаму. Чаго каштуе рокавая апрацоўка музыкі!

 

Наогул, пры праглядзе спектакля разумею, што казка пра Хлопчыка-Зорку будзе карысна і дарослым. Нездарма гэтую пастаноўку называюць цікавай для сямейнага прагляду. Мне здаецца, што кожны ў гэтай філасофскай казцы ўбачыць нешта сваё.

Мае роздумы пацвярджае і Алег Жугжда, які ў п’есе выступае ў ролі і сцэнарыста, і рэжысёра-пастаноўшчыка.

 

“Хоць у Оскара Уайльда творы і называюцца казкамі, аднак лічацца занадта сумнымі, занадта дарослымі для дзяцей. У іх вельмі мала добрых фіналаў. Аднак гэтыя творы ўваходзяць у абавязковае класічнае дзіцячае чытанне. І, хутчэй за ўсё, пэўныя хрысціянскія каштоўнасці найбольш ярка гучаць менавіта ў гэтай казцы. Гэта тэмы грэху, прабачэння, адплаты за тое, што ты робіш для сваіх блізкіх, адкуплення сваёй віны”.

 

Мы сыходзілі тады, калі рэпетыцыя яшчэ працягвалася – дробязі патрабуюць удакладнення. Я азірнулася на залітую святлом сцэну. На ёй працягвалі ствараць сапраўдную тэатральную магію.

 

Здымкі Яна Лялевіча