Гарадзенская аўтарка дэтэктываў і фантастыкі сустрэлася з чытачамі
У пачатку сустрэчы пісьменніца распавяла, што яе кнігі выдаюцца адразу пад трыма псеўданімамі. Найбольшую колькасць яе твораў можна ўбачыць пад імём Кацярына Лесіна. Менавіта з яго пачаўся творчы шлях у расійскім выданні “Эксмо”, якое палічыла, што сапраўднае прозвішча пісьменніцы – Кацярына Насута – складанае для запамінання.
Дэтэктыўныя раманы “Отражение” і “Химера” былі выдадзены ўжо беларускім выдавецтвам “Современная школа” і ўбачылі свет пад імем Анна Цёрн. Змена псеўданіма адбылася, каб пазбегнуць магчымых юрыдычных пытанняў.
Яшчэ адзін твор “Смерть ничего не решает” быў напісаны ў суаўтарстве з украінскім пісьменнікам Яўгенам Данілавым. Паколькі існуе перадузятасць, што жанчыны пісаць фантастыку не могуць і не ўмеюць, а таму чытачы проста не будуць браць кнігу пад жаночым імём, псеўданім быў узяты мужчынскі. Так з’явіўся Антон Ліс. Па словах Кацярыны, адлегласць паміж аўтарамі пры сучасным узроўні тэхнічнага развіцця не ўяўляла ніякіх складанасцей.
А не так даўно свет убачыў раман “Заговор кукол” пад сапраўдным імём пісьменніцы – Кацярына Насута. Яго вырашыла апублікаваць украінскае выданне “Шико”, уладальнік якога друкуе толькі тое, што падабаецца асабіста яму.
Па падліках Кацярыны, сумарны наклад яе кніг ужо перасягнуў адзнаку ў 250 тысяч асобнікаў, што, па яе словах, для сучаснага аўтара з’яўляецца добрым вынікам. Асабліва, калі ўлічыць усё большую папулярнасць электронных кніг.
Сюжэты кніг і вобразы галоўных герояў пісьменніцы выдуманыя. Кацярына расказала, што пры стварэнні сюжэту заўсёды з’яўляецца нейкая адпраўная кропка, з якой ужо распачынаецца клубок падзей. Таксама сярод пісьменнікаў, па яе словах, існуе распаўсюджаны забабон, каб не выкарыстоўваць у вобразах галоўных герояў сваіх сваякоў ці знаёмых. Сама яна можа запазычыць толькі асобныя рысы характару канкрэтнага чалавека і надзяліць яго ўсімі неабходнымі якасцямі.
На пытанне, як пісьменніца ставіцца да канца свету, Кацярына жартам адказала, што ў яе іпатэка да 2020 года, таму яна ў яго не верыць.
Па заканчэнні сустрэчы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф пісьменьніцы і купіць упадабаную кнігу.
Здымкі аўтара