Гродзенскіх школьнікаў прысвяцілі ў казачкі

|

У праграме – рукапашны бой, казацкая джыгітоўка, вайсковая і казацкая гісторыя, асновы праваслаўя, парашутна-дэсантная падрыхтоўка.

 

Паводле казачага атамана і кіраўніка клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” Уладзіміра Адамава, клуб наведваюць больш за 40 чалавек, прымаюць усіх ахвотных.

 

32 з іх прайшлі прысвячэнне ў казачкі (у казакі прысвячаюць ужо дарослых) у прысутнасці генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, прадстаўнікоў Беларускага саюза афіцэраў, Беларускай асацыяцыі  ветэранаў КДБ, паведаміла belta.by.

 

Па словах Уладзіміра Адамава, каля 90 жыхароў Гродна прылічваюць сябе да этнасацыяльнай групы казакаў. Большасць з іх – былыя вайскоўцы расійскага і ўкраінскага паходжання.

 

Першая ў Беларусі казацкая арганізацыя – “Беларускае казацтва” была зарэгістраваная ў 1995 годзе. У 1997 годзе адкрылася прадстаўніцтва Кубанскай казацкай асацыяцыі, з 1998 года з’явілася Усебеларускае аб’яднанае казацтва. Яно ўжо атрымала статус войска, у якое ўваходзіць “атаманская сотня” і казачы “спецназ”. У 2002 годзе ў Міністэрстве юстыцыі зацверджаная форма, блізкая да формы царскай кавалерыі 2 паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

 

За апошнія гады казацкія аб’яднанні з’явіліся практычна ва ўсіх вялікіх беларускіх гарадах. У Гродне арганізацыя “Нёманскія казакі” дзейнічае пры “Беларускім саюзе афіцэраў”.

 

Сённяшнія казакі пазацыянуюць сябе праваслаўнымі воінамі, акцэнтуюць увагу на патрыятычным выхаванні, ідэі славянскага адзінства. Казацтва лічыць сябе часткай “рускага (у шырокім сэнсе) трыадзінага народа – вялікаросаў, маларосаў, беларосаў, – з украпленнямі іншых карэнных народаў СНД”.

 

Гістарычна ж казакоў на Беларусі ўспрымалі зусім інакш. Кажа кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж:

 

Казаччына – гэта не наша культурная традыцыя. Гістарычна казакі не жылі на Беларусі, яны прыходзілі, рабілі набегі, рабавалі, на пачатку XVII стагоддзя даходзілі да Гродна – ад іх адкупаліся, бо была рэальная пагроза знішчэння горада.

 

У нас жа са старажытнасці была рыцарская і шляхецкая культура – і верхавая язда, і ўменне валодаць зброяй, – нашая вайсковая справа заснаваная на шляхецтве, а да казакаў на Беларусі ставіліся вельмі негатыўна. Пра казацка-сялянскія войны напісана ў любым падручніку.

 

Як клуб па інтарэсах казацтва сёння можа быць, таксама як, напрыклад, клуб аматараў японскай самурайскай культуры. Але бліжэй да нас будзе хіба татарская культура, бо ўсё ж князь Вітаўт татараў наймаў.

 

Стаць казаком можа і той, хто па нараджэнні не казак. Для гэтага неабходна напісаць прашэнне і прайсці выпрабавальны тэрмін. Як распавядаюць гродзенскія казакі, прысвячэнне праходзіць пад знакавымі пытаннямі: “В бога веруешь? По-русски говоришь? Перекрестись”. Калі ахвотны гэта выконвае, яго прымаюць у казацтва.

 

Здымак prosto-free.livejournal.com