Белэнерга: 90% беларусаў — за інтэнсіўнае падаражанне электраэнергіі
Больш за 90% беларусаў на сайце БелЭнерга прагаласавалі за інтэнсіўнае павышэнне тарыфаў на электраэнергію.
“Пакуль яшчэ не прынята ніякае рашэнне. Але ўрад больш схіляецца да дыферэнцыйнай аплаты, як і прагаласавала насельніцтва”, — кажуць у Савеце міністраў.
Я пярэчу, што на сайце БелЭнерга дакладна агучаны лічбы: за інтэнсіўнае павышэнне тарыфаў выказалася больш за 90% насельніцтва.
Як аказалася, апытанне праводзілася не толькі на сайце, але і ў “рэале”. Праблема разглядалася на ўсіх узроўнях, і “ўзроўні” выказаліся за дыферэнцыяцыю!
А на пытанне Еўрарадыё, навошта ж было цэлае грамадскае абмеркаванне, калі ад гэтага нічога не залежыць, у БелЭнерга стомлена адказваюць:
“А хто ў нас у краіне каго слухае. Гэтае галасаванне не мы прыдумалі, гэта ўрад прыдумаў”.
І тут жа спакойна дадаюць, што 100% аплата паслуг усё роўна не за гарамі:
“У нас ёсць пастанова ўраду, згодна з якой электраэнергетычная галіна будзе рэфармавана, а таксама, што паслугі ЖКГ да 2015 года мы будзем аплачваць 100% сабекошту”.
І тут жа дадаюць: выраб энергіі стратны:
“Адзін чалавек сказаў мо 10 год таму, вы памятаеце… што рост камунальных паслуг не павінен перавышаць за год 5 долараў. А рэальнасць такая, што за два гады кошт газу, на якім мы вырабляем энергію і якога ў нас няма, вырас у амаль у два разы! І мы працуем сабе ў мінус…”.
Самае цікавае, што мінчане і самі не ведаюць, як ім было б лепей плаціць за электрычнасць:
“Пенсіянерам будзе вельмі дорага плаціць дыферэнцыйна. Халадзільнік з’есць увесь тарыф!”; “Як прымуць, так і прымуць! Будзем плаціць! Мы ў Беларусі жывём, трэба на гэта арыентавацца”, — адказваюць мінакі на вуліцы.
У разлікова-даведачным цэнтры Фрунзенскага раёна Мінска разумеюць сітуацыю проста:
“Хочуць увесці нормы – як на ваду. Я асабіста супраць і галасавала за паступовасць. Але гэта мэта падняць тарыф, вось і шукаюць спосабы, а каб не было шуму, прыдумляюць галасаванне. Хто вам скажа, што гэта дрэнна, калі трэба павысіць кошт. Усе кажуць, што так трэба. Не пракаціць гэты спосаб – знойдуць другі”.
Цяпер беларусы аплачваюць вельмі маленькую частку ад сабекошту – толькі 30-35%. А трэба давесці да 100.
Здымак http://elektroautomat.in.ua