“Бесы” Зміцера Дашкевіча
Тады багата хто лічыў паўстанне памылкай і катастрофай. Аднак імёны гэтых экспертаў ад “рэальнай палітыкі” ведаюць хіба дасведчаныя гісторыкі таго перыяду – чалавек 10-15 у Беларусі. З Каліноўскім жа вымушаныя былі лічыцца ўсе, нават бальшавікі – называць вуліцы яго імем, узгадваць у падручніках.
Наступны, 2013 год, абвешчаны годам “Памяці Паўстанцаў” (150-годдзе Паўстання 1863 года), з тым жа поспехам мог быць абвешчаны годам “Салідарнасці з Палітвязнямі”. Вось яны, побач, у клетцы ў судовай лаве: сучасны Каліноўскі, Урублеўскі, Траўгут – пасміхаюцца перад камерай “Белсата”. Сапраўды, нам лягчэй шанаваць мёртвых герояў, чым жывых: мёртвыя як што прамаўчаць, жывыя – не…
“У Дашкевіча нічога няма акрамя Маладога Фронту”, – даводзілася некалі чуць на кухнях апазіцыйных офісаў. Потым яго мясілі берцамі на асфальце ў цэнтры Мінска, а яны крычалі ў гучнагаварыцелі сваё вечнае: “Не паддавайцеся на правакацыі!” Зараз ён на нарах гарадзенскай турме, яны – як і раней – на кухнях ды офісах Мінска, Варшавы, Прагі…
Падобнай была карціна і ў канцы паўстання ў 1864-ым: лідэры паўстання адмаўляліся ад пасад, з падробнымі пашпартамі выязджалі ў Англію (як Уладзіслаў Малахоўскі)… Ён не з’ехаў і ўзяў адказнасць на сябе, дакараючы ўчорашніх паплечнікаў: “…вы, баязліўцы, падаючы духам, жадаеце даць Расіі сродак пераканаць іх (заходнія дзяржавы, якія вялі перамовы з Расіяй – аўт.), што ў нас толькі дзяцінства і няма сапраўднага патрыятызму”. А хто ж любіць крытыку?
Радыкальны, канфліктны, гарачы, просталінейны, часам неабачны ў выбары людзей, Каліноўскі перамог, нягледзячы на фактычную паразу паўстання. Як перамог Дашкевіч у 2010-ым, не дайшоўшы нават да Плошчы, затрыманы за адзін дзень да яе. І прыцягвае перамагаць зараз – бітву за бітвай, ратуючы гонар апазіцыі, моладзевых арганізацый, Беларусі.
…Калі ў нашых апанентаў сканчаюцца аргументы кшталту: “грантавая апазіцыя”, “слабакі”, “няўдахі”, застаецца апошні козыр – “вечныя рэвалюцыянеры”. Альбо “Бесы” – мовай Дастаеўскага. “Бесы” – паўстанне пустэчы, рэвалюцыя дзеля рэвалюцыі, за якой больш нічога няма, бездань…
Але Дашкевіч – не герой з пыльных старонак, і не бяздушны “робат” сусветнай рэвалюцыі. Вельмі чалавечае аблічча Зміцера, якое своечасова знікала пад рулямі фотаапаратаў і відэакамер, вядомае кожнаму, хто быў у яго ў гасцях. Найперш гаспадар цябе карміў – традыцыя, выпрацаваная хіба турмой (мая бабуля рабіла таксама, перажыўшы вайну на выпаленай ушчэнт Полаччыне). Кот Леапольд – “Леапольдушка” – таксама адметнасць кватэры на Партызанскай: дастаткова ўзгадаць як Дзіма абзваньваў гарадскія інстанцыі, вызваляючы ката з дрэва: “Алё, алё… коцік мой – на сасну залез… Што? Як не займаецеся? Ды ў нармальнай краіне вас бы…” Мы са смеху клаліся покатам. Ну і кніжкі канешне: любімая сацыялогія, філасофія, Купала, Гілевіч, Багдановіч…
Пытанне рэвалюцыі, бунту, страйку, вываду людзей на Плошчу – актуальнае заўжды. Аднак калі Вы, дарагі чытач, толькі марыце аб гэтым – дапамажце тым, хто за гэта зараз сядзіць у турме. “Башляйце” хаця б раз на месяц на перадачкі, адвакатаў, жыццё сем’яў палітвязняў, якіх пазбавілі сына альбо мужа (у Мінску на офісе БНФ ёсць адмысловая скрынка для ахвяраванняў). Ды напішыце хаця б ліст!
Адрасы палітвязняў, куды можна пісаць і рабіць грашовыя пераводы і іншую інфармацыю – знойдзеце ў сеціве. Вось адрасы палітвязняў МФ:
Эдуард Лобаў
225295 Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, “Воўчыя норы”, а/с 20
папраўчая калонія № 22
Яўген Васьковіч
212011 г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а
турма № 4
Зміцер Дашкевіч
230023, Гародня, Кірава 1, Турма №1
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі | ||
align=”left” >Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”
Іншае аўтара:
Дзякуй за вашу расейскую мову!