Пышкі: як гарадзенцы жывуць у лесе

|

Калі ў размове запытаць, ці знаёма каму слова “Пышкі”, то кожны гарадзенец адразу адкажа: “Так, гэта лесапарк!”. Больш дасведчаныя могуць заўважыць, што гэта вёска недалёка ад Ласосна. Напэўна ад вёскі Пышкі і ўзялася назва аднаго з улюбёных месцаў адпачынку гарадзенцаў.

 

Шпацыраваў па Пышках мабыць кожны, але не кожны ўсведамляе, што лесапарк Пышкі гэта таксама месца ў якім жывуць людзі.

 

Капнуўшы крыху гісторыі, можна даведацца, што першыя дамы ў лесе Пышкі з’явіліся ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Тады гэтыя землі былі ўскраінай горада і даваенныя польскія ўлады давалі магчымасць набываць тут участкі зямлі і будаваць дамы. Першымі пачалі засяляць лес асаднікі (адстаўныя вайскоўцы і цывільныя чыноўнікі, які атрымлівалі зямельныя надзелы на усходніх землях, адваяваных Польшчай у бальшавікоў у выніку польска-бальшавіцкай вайны 1920 года – рэд.). Значная частка даваенных жыхароў Пышак з’ехала адсюль перад, альбо адразу пасля пачатку другой сусветнай вайны.

 

Ужо пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Пышках паўстала Гродзенскае лясніцтва. Дзякуючы гэтаму ў пакінутых дамах змаглі пасяліцца работнікі лясгасу.

 

Сёння жылы сектар Пышак займае частку вуліц Фестывальнай, Вясенняй і Цёткі.

 

У сувязі з пашырэннем горада і пабудовай новых дарог, частка даваенных дамоў была знесена. Аднак і сёння, шпацыруючы ў гэтых месцах, можна заўважыць, што лясная зона адпачынку аддзеленая ад рухлівай шашы, якая вядзе да Новага мосту, некалькімі каляінамі дамоў.

Ці задаволеныя сучасныя жыхары Пышак з месца, у якім ім давялося жыць?

 

“Тут чыстае паветра, добрыя прыродныя ўмовы, побач Нёман. Няма цеснаты людзей, ды і гукі машын ледзь адчувальныя” — нахвальвае сваё месца жыхарства ў размове з “Тваім стылем” адна з мясцовых жанчын. Нашая суразмоўца звяртае ўвагу, што дадатковым плюсам з’яўляецца тое, што побач з яе домам часта праводзяцца забаўляльна-аздараўленчыя мерапрыемствы. “Раней нас называлі «і вёска і горад». Бо мы жывем у горадзе, але яшчэ да нядаўняга часу людзі тут трымалі кароў, коней, ды коз”, – дадае яе суседка.

 

Дзякуючы набліжанасці да рухлівай дарогі, жыхары Пышак не адчуваюць адарванасці ад здабычаў цывілізацыі. Сюды даволі лёгка дабіраюцца таксі, хуткая дапамога, ды іншыя гарадскія службы.

 

Лыжкай дзёгцю з’яўляецца хіба што адсутнасць цэнтральнай каналізацыі. А ў некаторых дамах да гэтага часу захоўваецца пячное ацяпленне. Часта здараюцца ў Пышках абрывы тэлефонных ліній, што вельмі засмучае асабліва сталых людзей, якія схільныя эканоміць на  размовах па мабільнай сувязі.

Але галоўнае, на што скардзяцца мясцовыя гэта неасфальтаваныя дарогі, якія вядуць да іх дамоў. Кожную вясну, калі пачынае раставаць снег, шмат хто мае складанасці з тым, каб прайсці, ці пад’ехаць на машыне па размытай дарозе. Не дапамагаюць у вырашэнні праблемы штогадовыя скаргі жыхароў да ўладаў горада.

 

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, не перашкаджаюць жыхарам Пышкоў шумныя і часта нецвярозыя кампаніі, якія гуляюць у лесе. Тым больш, ёсць месца, дзе аматары выпіць і павесяліцца могуць сабрацца і культурна адпачыць у любое надвор’е.

Плюсы жыцця ў Пышках па меркаванні мясцовых пераважваюць мінусы. Невыпадкова сярод гарадзенцаў назіраецца вялікая цікавасць да магчымасці набыцця прыватнага дома менавіта тут.

 

Галоўнае, што стрымлівае ўнутраную гарадскую міграцыю ў Пышкі — тое, што зямля тут, паводле ацэнак рыелтараў, адна з самых дарагіх у горадзе. Адна сотка на ўчастку ацэньваецца ў суму каля 4 тысяч даляраў. Калі ўлічыць яшчэ кошт дома, то транзакцыя можа вымярацца нават у сотнях тысячаў умоўных адзінак.

 

Але нават не высокія кошты зямлі і дамоў перашкаджаюць жыхарам Пышкоў стаць актыўнымі гульцамі на рынку нерухомасці. Вядомыя выпадкі, калі жыхары хацелі прадаць дом, але сутыкнуліся з шэрагам складанасцяў. “Справа ў тым, што зямля ў Пышках лічыцца дзяржаўнай і на ёй нельга дабудоўваць што-небудзь без адмысловага дазволу. Таму што гэта зялёная зона і рэзерв горада”, – распавядае нам пра свае праблемы ў спробе прадаць дом мясцовая жыхарка.

Сёння Пышкі перажываюць перыяд новай маладосці, бо ў пакінутыя некалі на карысць больш камфортнага жытла дамы з ахвотай засяляюцца дзеці і ўнукі іх былых уладальнікаў.

 

Здымкі аўтаркі