Мастоўская ЖКГ атрымае абсталяванне на 1 мільён даляраў

|

Праект прадугледжвае ўдасканаленне сістэмы збору і перапрацоўкі цвёрдых бытавых адыходаў, правядзенне інфармацыйнай кампаніі па раздзельным зборы смецця, удасканаленне сістэмы заканадаўства.

Новыя тэхналогіі будуць адпрацоўвацца на базе 2 беларускіх гарадоў: Кобрына і Мастоў.

 

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта Алена Седач:

–  Абраныя два так званых “тыповых” горада, дзе можна апрабіраваць новыя практыкі, якія пасля маглі б пераняць і суседнія гарады. Калі ў Кобрыне праца па раздзельным зборы смецця ўжо вялася і да пачатку праекта, то ў Мастах даводзіцца пачынаць практычна з нуля.

12 снежня ў Масты мы паставім толькі першую партыю абсталяваннякоштам каля 400 тысяч даляраў: кантэйнеры, біякампостары, бульдозер і, хутчэй за ўсё, смеццевоз.

Астатняе прыйдзе цягам месяца. На пастаўку абсталявання ладзіліся міжнародныя тэндэры. Частку  паставяць еўрапейскія вытворцы (напрыклад, унікальныя біякампостары), частку – расійскія, эстонскія.

 

Мастоўская ЖКГ атрымае сучаснае абсталяванне, якое дазволіць атрымліваць другасную сыравіну з камунальных адыходаў для перапрацоўкі да ўзроўню 70-80%. Перадача абсталявання адбудзецца ў прысутнасці прадстаўнікоў ПРААН, Мінпрыроды, Прадстаўніцтва ЕС, журналістаў, мясцовых уладаў.

 

Важны элемент праекта – праца з мясцовым насельніцтвам і спецыялістамі ЖКГ.

Ужо зараз у школах, працоўных калектывах вядзецца інфармацыйная кампанія па раздзельным зборы смецця. Наперадзе – трэнінгі для супрацоўнікаў ЖКГ, інструктажы для мясцовага насельніцтва, якому давядзецца карыстацца новым абсталяваннем.

 

Здымак Аляксандра Корсакава, http://news.tut.by