Студэнтка паставіла рэлігійную містэрыю

Я сустрэлася з Армінай пасля генеральнай рэпетыцыі. Дзяўчына распавяла, што сцэнар да пастаноўкі пісала 3 месяцы. Яна ўжо двойчы ставіла “Чырвоную каву” у родных Ганцавічах, дзе гледачы засталіся вельмі задаволены п’есай. Адсюль і з’явілася думка, што трэба знайсці актораў і паставіць спектакль у сваім універсітэце. Арміна знайшла аматараў мастацтва – будучых актораў – у інтэрнаце. Касцюмы дзяўчаты і хлопцы рабілі самі, штосьці бралі ў ГДК. Ніхто з выкладчыкаў маладым акторам не дапамагаў. Ім абяцалі толькі невялікую грашовую прэмію, але грошы сапраўдных аматараў мастацтва не цікавяць. Каля месяца пайшло на рэпетыцыі – і нарэшце, 5 снежня гледачы атрымалі магчымасць пабачыць “Чырвоную каву”.

 

 

“Чырвоная кава” атрымалася вельмі рэлігійным спектаклем. Пачынаецца усё з анёлаў і дэманаў, якіх вышэйшыя сілы адправілі на зямлю, каб яны змагаліся за душу дзяўчыны. Сцэна змяняецца. Галоўнай гераіне Рыце тэлефануе хлопец Дзіма і кажа, што ім трэба разысціся. Боль. Адчай. Зноўку анёлы і д’ябал. Потым адбываецца зусім нешта неверагоднае: аднекуль з’яўляюцца цыганкі, якія варожаць на кававай гушчы. Яны кажуць Рыце, што на іх з Дзімам каханне накладзены праклён.

 

 

Потым галоўная гераіня ідзе ў царкву са свечкай, спавядаецца святару. Потым яе каханага забіваюць д’ябалы, але анёлы яго ажыўляюць. На працягу усёй п’есы галоўная гераіня пад фанаграму спявае сучасныя рускамоўныя папулярныя песні з троху рэлігійным адценнем; анёлы, д’яблы і галоўныя героі танчаць – таму ўсё гэта больш нагадвае мюзікл. Недзе напрыканцы гучыць “Ойчы наш”. Што сапраўды зрабіла добрае ўражанне, дык гэта гульня актораў: бачна было, што яны стараліся. Танцы  таксама выконваліся досыць прафесійна і прыгожа.

 

 

Пасля спектакля атрымалася паразмаўляць з рэжысёркай.


Арміна, ці маеш ты нейкую рэжысёрскую адукацыю ці досвед у пастаноўках спектакляў?

 

Рэжысёрскай адукацыі ў мяне няма, але я заўсёды пісала сцэнарыі ў школе, у інтэрнаце, а потым вырашыла, што трэба пераходзіць на новы ўзровень. Трэба паставіць спектакль. Гэта першы ў маім жыцці спектакль. Я б дадала, што гэта хутчэй “выпрабавальны” варыянт.

 

Не хацелася табе граць галоўную ролю ў гэтым спектаклі?

 

Шчыра кажучы, былі такія думкі, хацелася сыграць. Але потым я зразумела, што рэжысёр-пастаноўшчык павінен бачыць памылкі актораў і выпраўляць іх. Свае памылкі мне было б цяжка выправіць.

 

Лірычнага героя ты малявала з сябе?

 

Канешне, нейкія часткі мяне тут ёсть, але, здаецца, кожны аўтар укладае ў тэкст частку сябе.

 

Чаму тэатр?

 

У тэатры можна раскрыцца. Можна расказаць пра тое, што набалела ў душы. Паказаць свае эмоцыі шырокай публіцы. Сыграць. Я бачу, што многія акторы, якія прымаюць удзел у спектаклі, раскрыліся. На сцэне яны паводзяць сябе так, як хацелі бы паводзіць сябе ў рэальным жыцці.

 

Пастаноўка рабілася толькі для таго, каб вы раскрыліся?

 

Так.

 

Гэта яе галоўныя сэнс і мэта?

 

Не… У нейкай ступені так, але мэта спектакля у той жа час зусім іншая. Я хацела сказаць людзям, што ёсць Бог, што трэба верыць – і усё атрымаецца. Кожнае слова, якое будзе гучаць са сцэны – нешта значыць. Калі я пісала тэкст, то звяртала ўвагу на кожнае слова, на кожны знак прыпынку. Гэта ўсё настолькі індывідуальна, так шматсэнсоўна. Сцэнар утрымлівае шмат вобразаў і знакаў, усё там вельмі сімвалічна. Але хачу папярэдзіць, што вам, як гледачам, не ўсё будзе зразумела. Потым, калі вы вернецеся дадому, вы пачнеце ўсё гэта абдумваць, можа, тады і зразумееце.

 

То бок, “Чырвоная кава” – гэта філасофская п’еса?

 

Так! Гэта містэрыя. Тут шмат містычных момантаў. Шмат таго, чаго чалавек ніколі б не ўбачыў вачыма.

 

Калі большасць гледачоў пасля прагляду нічога не зразумеюць, навошта ім уся гэтая пастаноўка?

 

Яны зразумеюць. Калі я ставіла, я разлічвала ўзрост публікі: ад 16 і больш. Гэта не для дзетак, адназначна. Гэта для падлеткаў, у якіх пачынаюцца пераломныя моманты ў жыцці, калі яны не ведаюць, куда ісці і да каго звяртацца. Асабліва гэта датычыцца дзяўчат. Мне здаецца, я паказала, куды трэба ісці. У царкву… Хоць у асноўным гэты спектакль для дзяўчат, я ўпэўненая, што хлопцы, калі будуць глядзець спектакль, заўважаць, убачаць, што такое каханне. Тут містыка, тут любоў, тут рэлігія.

 

Здымкі Косці К.