“Каўчсёрфінг” – сучасны спосаб вандравання

| Без катэгорыі

У большасці выпадкаў нашы вялікія мары пра падарожжы разбіваюцца аб нашы сціплыя фінансавыя магчымасці. Што рабіць? Змірыцца і падарожнічаць на лецішча і зваротна? Пашыраць свой далягляд вылучна з дапамогай кніг, тэлебачання і інтэрнэту? Не! Адмыслова для аматараў прыгод быў створаны рух каўчсёрфінгу.

 

 

Каўчсёрфінг – гэта сетка, якая аб’ядноўвае мільёны людзей з усяго свету, гатовых бясплатна прапанаваць начлег у час вандравання, а ў некаторых выпадках і арганізаваць экскурсію па горадзе.

 

     
  Асноўныя інфармацыі пра каўчсёрфінг для пачынаючых можна прачытаць у папярэднім артыкуле “Каўчсёрфінг: падарожжа па даверы”.  
     

 

Пра тое, як скарыстацца паслугамі дадзенай сеткі, з чым прыйдзецца сутыкнуцца ў часе вандравання расказала студэнтка ГрДУ Надзея Свянціцкая, якая гэтым летам здзейсніла турнэ па Еўропе.

 

“Мы адправілі каля сотні лістоў праз CS. У выніку мы не атрымалі адказу ці атрымлівалі адмоўныя адказы. Потым адзін хлопец з Нідэрландаў параіў, што трэба падрабязней запоўніць анкету, паказаць усю інфармацыю пра сябе. І трэба не прасіць людзей аб дапамозе, а проста паказваць свой маршрут. Тады мясцовыя на сваіх старонках будуць бачыць, што вось такая жадае наведаць горад у вось такі час, і змогуць самі вас запрасіць”, – тлумачыць Надзея.

Мапа – надзейны сябар падарожніка

 

Акрамя эканоміі на жыллі, можаце зэканоміць, калі будзеце падарожнічаць аўтастопам. Пры гэтым у вас, як раіць Надзея, павінна быць мапа з нумарамі дарог, гэта вельмі важна пры паездцы – бачыць кірунак і нумар дарогі, каб ведаць, куды рухацца.

 

“Бывалі такія сітуацыі, калі, напрыклад, мы выехалі з Ратэрдама ў процілеглым кірунку, потым нас штосьці спыніла, і мы вырашылі вярнуцца. Тады і зразумелі, што рухаліся ў кардынальна процілеглы бок. Самае складанае ў такіх паездках – выехаць за горад, асабліва, калі гэта які-небудзь Берлін ці Парыж. У велізарным горадзе ты стаіш у цэнтры на плошчы і не ведаеш, куды табе рухацца – направа, налева, узад, наперад… Не ведаеш, дзе поўнач, дзе поўдзень. У горадзе трэба яшчэ мець мапу метро”.

Надпіс на сцяне: “Госпадзе! Дапамажы мне выжыць сярод гэтай смяротнай любові”

 

Дарэчы, наогул забаронена лавіць аўтамабілі на аўтабане, па дарозе, дзе няма належных пляцовак, дзе аўтамабілі ездзяць з вялікай хуткасцю да 140 км/г і больш. Надзея распавяла  адну пацешна-небяспечную гісторыю, якая здарылася з ёй і сябрамі ноччу.

 

“Нас высадзілі за 40 км ад Берліна, мы не ведалі, у які бок рухацца. Была ноч і мы начапілі флікеры. Потым доўга немцы дзівіліся, што беларусы надзелі на сябе флікеры і вырашылі, што так можна хадзіць па аўтабане. Нас спыніла паліцыя і кажа: “Давайце свае пашпарты”. Мы аддаем ім пашпарты, а Кася, мая сяброўка, кажа: “Божа, яны падумалі, што мы прастытуткі, што рабіць?”. Стала страшна. Аддаўшы пашпарты, адыходзім на запраўку. Потым  да нас пад’язджаюць паліцыянты, мужчына і жанчына, аддаюць нам дакументы і кажуць: “Вы такія вар’яты і мы ў такім шоку, што мы аддаём вашы дакументы і просім  заставацца на запраўцы, пакуль вас не забярэ машына. Так хадзіць нельга! Вы ў курсе, што штраф – па 500 еўра з кожнага?”. У выніку праз 10 хвілін нас павезлі да бліжэйшай станцыі”.

Такі родны рускі супермаркет у Гановеры

 

Валодання ангельскай на сярэднім узроўні будзе досыць для падарожжа па Еўропе, акрамя Францыі, дзе пажадана ведаць французскі, таму што ўсе французы адмаўляюцца казаць па-ангельску, або наогул яе не ведаюць. Затое любы немец ці бельгіец ведае іншую мову.

 

“Для больш поўнага знаёмства з горадам і славутасцямі пажадана знайсці такога каўчсёрфера, у якога ёсць магчымасць пашпацыраваць з вамі па горадзе, – упэўнена рэкамендуе Надзея. – Калі такая магчымасць ёсць у твайго “гаспадара”, у якога ты жывеш, то гэта вельмі добра! Калі не, то пажадана загадзя паглядзець у інтэрнэце, накідаць сабе невялікі спіс месцаў, якія ты марыш наведаць”.

Музей эротыкі ў Амстэрдаме

 

З усіх месцаў, у якіх пабывалі нашыя каўсёрферы, больш за ўсё ім спадабалася ў Амстэрдаме.

 

“Амстэрдам – цёплы і ўтульны горад. Канешне, тут усім вядомая вуліца чырвоных ліхтароў, легалізаваныя наркотыкі, алкаголь, гомасэксуальныя сувязі і г.д. Але не гэта голоўнае і прыкметнае. Амстэрдам – маленькі, вельмі такі свежы горад, дзе шмат каналаў, міні Венецыя нейкая. Шмат ровараў, людзі ўсе вельмі прыязныя. Да таго ж – горад кантрасны; напрыклад, на адной вулачцы ты бачыш наркаманаў, а на наступнай сядзяць сталыя людзі, п’юць гарбату. Недзе сушаць пялёнкі, ездзяць на роварах. Здаецца, усе гэтыя наркотыкі і музеі эротыкі – для турыстаў, таму што самім галандцам гэта не цікава.

 

Мы назіралі сітуацыю, калі на вуліцы чырвоных ліхтароў запрашаюць на сэксуальнае шоў дзяўчыны за шклом, а вышэй паверхам стаіць хлопец і… чысціць зубы. У суседнія дзверы заходзіць бабуля, ідзе дадому. Адна пажылая пара сказала: “Нас вельмі бавяць турысты, якія ходзяць, адкрыўшы раты, гэта так міла, так пацешна. Мы тут жывем і нічога такога не назіраем”.

align=”middle” alt=”Гей-парад у Гамбургу” >

Гей-парад у Гамбургу і гаспадар-нудыст з Амстэрдама (з мэтай абароны грамадскай маралі палавыя органы замаляваны пікселямі)

 

У Амстэрдаме Надзея з сябрамі жылі ў нудыста. Па кватэры ён хадзіў голы ўвесь час, быццам на нудысцкім пляжы. Спачатку нашыя каўчсёрферы імкнуліся адвярнуцца, а потым абвыклі. У Гамбургу трапілі на гей-парад: рухаўся натоўп людзей нетрадыцыйнай арыентацыі. Велізарныя хлопцы-трансвестыты ў парыках, на абцасах і пажылыя дамы (гадоў сямідзясяці) ішлі з налепкамі на грудзях “Я вольная” ці “Я занятая”, ці “Гэта мая дзяўчына побач”.

 

На развітанне Надзея нагадвае, што каўчсёрфінг – гэта не проста бясплатная начлежка, гэта перадусім магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі: “З некаторымі дагэтуль трымаем кантакты, яны запрашаюць нас яшчэ”.