Што рабіць, калі гудзе сірэна

|

Пра што папярэджваюць сірэны, і што рабіць, пачуўшы іх, “Твайму стылю” распавялі ў абласным упраўленні МНС.

 

Галоўнае, на што звяртаюць увагу ў МНС, гук сірэн – гэта не сігнал хавацца, а заклік атрымаць неабходную ў экстрэмальнай сітуацыі інфармацыю.

 

Прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская:

 

Як паказала сацыялагічнае апытанне, 90% людзей з ходу не маглі адказаць, што трэба рабіць , калі чуеш электрасірэну. Варыянты адказаў былі: тэрмінова з’язджаць з горада, зачыніць вокны-дзверы, спусціцца ў падвал з запасам ежы і вады.


І ўсе гэтыя адказы няправільныя. Паводзіны будуць залежыць ад таго, пра якую небяспеку папярэджвае сірэна. Гэта можа быць і сур’ёзная аварыя на прадпрыемстве, калі неабходна тэрмінова прымаць меры, паводка, хімічная аварыя, газавая. Але на маёй памяці такіх выпадкаў у Гродне не было.

Правяраюць сістэму апавяшчэння 2 разы на год.

 

Гук электрасірэн абазначае сігнал “Увага ўсім!”. Ён заклікае ўключыць радыёпрымач, радыё альбо тэлевізар на любы канал, дзе перададуць усю неабходную інфармацыю. Выключаць радыё і тэлевізар не варта і пасля абвесткі, бо інфармацыя будзе абнаўляцца і ўдакладняцца. Затым неабходна выканаць усе рэкамендацыі, якія прагучалі ў эфіры, перадаць інфармацыю суседзям і тым, хто яе не чуў.

 

Калі сігнал напаткаў на вуліцы – падыйсці да бліжэйшага гукаўзмацняльніка (яны ёсць на рынках, плошчах, у парках, на вакзалах, у вялікіх крамах), і далей дзейнічаць адпаведна сітуацыі.

 

У Гродзенскай вобласці  каля 500 сірэн, усталяваных на прадпрыемствах і ў населеных пунктах, дзе жыве больш за 300 чалавек.