У Гродне цяпер ёсць свае джунглі!

| Без катэгорыі

Там раскінуліся лесвіцы, вяроўкі, сеткі і іншыя атрыбуты гарадскога чалавека-павука. Да вяровачнага горада, канешне, яшчэ дабрацца трэба, прайсці крыху больш за два з паловай кіламетры. Але гэта добрая размінка перад тым, што цябе чакае на месцы.

Людзей сабралося няшмат. У 12.00 каля доміка, дзе можна было набыць квіток на паласу, таўпіліся людзі, большасць з фотаапаратамі і відэакамерамі. Дык толькі каго здымаць? Ахвочых прайсці паласу джунглей пакуль не было.

Ірына і Ігар – першыя, хто праходзіў сямейную трасу

 

Прыйшлі паглядзець на вяровачны горад бацькі з дзецьмі, якія прагульваліся ў Пышках, былі і тыя, хто прыйшоў адмыслова, але толькі паглядзць, што гэта за цуд такі з’явіўся. Недзе ў 12.30 нарэшце з’явіліся два ахвотныя прайсці джунглі-паласу, дзяўчына Ірына і хлопец Ігар. Страхоўка, шлем, інструктаж – і наперад!

Дзіцячая траса

 

Траса складаецца з дзвюх палос: “сямейнай” – 5 метраў над зямлёй, спрошчанай, і “экстрымальнай” – 8 метраў над узроўнем зямлі, больш складанай. Ёсць і дзіцячая паласа, метры 2-3 над зямлёй. За ўвесь час на экстрымальную паласу ніхто не рызыкнуў пайсці, усе спрабавалі “сямейную”.

Паціху падхадзілі людзі. Вось ужо мужчына вырашыў паспрабавацьс свае сілы. Яго жонка з дачкой толькі і глядзелі знізу ўверх, як ён ператварецца ў чалавека-павука.

 

Кожны ўдзельнік трасы атрымліваў каманды ад інструктараў, якія ўвесь час знаходзіліся побач. Адна з інструктараў, Аксана, майстар спорту па спартыўным турызме, расказала, што “Джунглі-парк” працуе для тых, хто любіць экстрым і каму не страшныя марозы. Зрэшты, холаду баяцца і не трэба, бо ўдзельнікам паласы хутка станавілася вельмі горача ад фізічных нагрузак і адрэналіну.

Першы дзень працы вяровачных джунглей прайшоў пазітыўна і цікава. Спрыяла надвор’е ды добрая кампанія. Нават незнаёмыя падбадзёрвалі тых, хто ўдзельнічаў на паласе, таму ўсмешкі не схадзілі з твараў як першых, так і другіх.

 

Здымкі аўтаркі