Якая страва ў Гродне самая дарагая?

| Без катэгорыі

Самым дарагім рэстаранам у свеце ўжо некалькі гадоў застаецца невялічкі стэйкхаўс Aragawa ў Токіа. Мінімальная сума замовы на аднаго чалавека тут складае 370 даляраў – дарэчы, амаль столькі ж складае сярэдні заробак па Гродне. Менавіта столькі каштуе ў гэтым японскім рэстаранчыку стэйк з мрамарнай ялавічыны, якую атрымліваюць ад японскіх кароў Вагіў.

 

Самая дарагая страва ў свеце – гэта блактна-зялёныя пельмені, якія можна пакаштаваць “усяго толькі” за 2400 даляраў за восем штук.

 

Але свет светам, вернемся да Беларусі. Самая дарагая страва, якую прапануюць мінскія рэстарцыі – гэта кактэйль з морапрадуктаў коштам 1 млн 200 тысяч рублёў або каля 140 даляраў.

 

Канешне, падобныя дэлікатэсы па такіх вялікіх коштах мы не знойдзем у гарадзенскіх рэстаранах. Тым больш, наўрадці такія стравы маглі б дазволіць сабе са сваіх заробкаў гарадзенцаў. Тым не менш, карэспандэнтка “Твайго стылю” пацікавілася, якія стравы ў гарадзенскіх рэстаранах самыя дарагія.

 

Мы абтэлефанавалі каля 20 месцаў, але не паўсюль атрымалі адэкватныя адказы. Некаторыя не захацелі даваць інфармацыю, былі і такія, якім было лень паглядзець меню (!), а былі месцы, дзе вылавіць дырэктара было проста немагчыма.

 

У большасці рэстаранаў горада самая дарагая страва вагаецца ад 70 да 100 тысяч рублёў. У гэты лік уваходзяць рэстаран “Гродна”, “Залаты цялёнак”, “Вена” і іншыя. Самыя дарагія стравы тут гатуюць з рыбы, ялавічыны, менш каштуе свініна і мяса птушкі.

Націсніце на інфаграфіку, каб праглядзець у поўным памеры

 

ТОП-5:

 

5 месца. Рэстаран “Белыя ружы” прапануе сваю фірмовую страву са свініны “Гара самацветаў”. Кошт – крыху большы за сярэднестатыстычны – 102 820 рублёў (порцыя –420 г.)

 

4 месца. Рэстаран “Стары лямус”. Самая дарагая страва ў гэтым завядзенні не з’яўляецца фірмовай, нешта падобнае можна замовіць і ў іншых рэстарацыях.“Палтус па-македонску” будзе каштаваць наведвальнікам 115 000 рублёў (порцыя: 165 г. рыбы +155 г. гарнір). Фірмовая ж страва рэстарана – “Бульбяная талерка”. Плаціш 90 000 рублёў і атрымліваеш вялізную порцыю ежы (440 г. бульбяных вырабаў + 200 г. гарніру). Адной такой талеркай можна наесціся самому і накарміць сябра!

 

3 месца. Рэстаран “Замак Зеваны” ў маёнтку “Каробчыцы”. Вельмі ветлівы шэф-повар паведаміў, што самая дарагая страва ў меню – гэта фірменны стэйк з ласося, які можна паспрабаваць толькі тут. Каштуе такі эксклюзіў каля 200 000 рублёў. Што парадавала, у гэтым рэстаране ёсць асобнае меню для вегетарыянцаў. І гэта адзіны рэстаран, які запрасіў да сябе, пабачыць усё, як кажуць, на свае вочы.

 

2 месца. Рэстаран “Нёман класічны”. У гэтым завядзенні можна паспрабаваць страву для гурманаў “Марскі грэбяшок”. Кошт таксама для гурманаў – 295 000 рублёў.

 

1 месца. Яго займае рэстаран “Кронан”. Гэта адзіны рэстаран у Гродне, які прапануе сваім гасцям страву з аўстралійскай мрамарнай ялавічыны, якая замаўляецца ў Нямеччыне. Стэйк “К’янці” можна пакаштаваць за 310 000 рублёў (165/18/10/30). Менавіта гэтая страва з’яўляецца самай дарагой у нашым горадзе.

 

Дарэчы, для такога роду стравы гэта не такі вялікі кошт, бо 200 грам філе мрамарнай ялавічыны ў Еўропе каштуе больш за 100 даляраў. Самае дарагое ў свеце мяса вельмі нежнае, знакамітыя пражылкі выглядаюць як сапраўдны мрамарны ўзор (адсюль і назва).

 

Кароў пароды Вагіў вырошчваюць па спецыфічнай тэхналогіі: кормяць рысам, кукурузай і мёдам, адпаіваюць півам ці чырвоным віном, даюць слухаць класічную музыку, робяць жывёлам вібрамасаж і г.д. Нядзіўна, што сабекошт такой ялавічыны настолькі высокі. У Мінску, дарэчы, стравы з мрамарнай ялавічыны прапануюць некалькі рэстаранаў па коштам ад 300 тысяч рублёў да міліёна.

 

Такім чынам, самая дарагая страва ў Гродне – гэта стэйк “К’янці” з мрамарнай ялавічыны. Вельмі дарагія  таксама стравы з морапрадуктаў.

 

Былі б толькі грошы, то і ў Гродне можна паспрабаваць штосьці экзатычнае.

 

На першым здымку: “Бульбяная талерка” – фірмовая страва рэстарана “Стары лямус”