У Каложскага брацтва з’явіўся сайт

|

“Раней мы выдавалі газету “Каложа”, але на дварэ XXI стагоддзе і трэба крочыць у нагу з часам, так і з’явілася ідэя стварыць сайт, – расказвае настаяцель Барысаглебскай царквы айцец Уладзімір. – Аднак паколькі актыўныя карыстальнікі інтэрнэту пераважна людзі маладога ўзросту, то плануем выдаваць і газету, якая будзе распаўсюджвацца ў храме падчас набажэнстваў, у прыватнасці для сталых вернікаў”.

 

На сайце можна знайсці навіны, якія тычацца жыцця Каложскага брацтва, актуальны расклад набажэнстваў на месяц і расклад заняткаў у нядзельнай школцы, пропаведзі архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавысскага Арцемія, інфармацыю пра таінствы, якія адпраўляюцца ў царкве, артыкулы пра святых і пакутнікаў, звесткі з гісторыі Каложскай царквы. Таксама на сайце можна знайсці праект плануемай рэканструкцыі храма.

 

Уся інфармацыя, апрача навін Гродзенскай епархіі, падаецца на беларускай мове. Ёсць і рускамоўная версія сайта.

 

У рубрыцы “Творчасць” можна знайсці інфармацыю культурнага зместу: вершы, прысвечаныя Каложы, а таксама зборнікі песень Анатоля Калкоўскага, алтарніка царквы і старшыні Каложскага брацтва. Тыя, хто жадае паглядзець Барасаглебскую царкву, але не маюць такой магчымасці, могуць здзейсніць віртуальную экскурсіі як вакол храма, так і ўнутры яго.

 

Апрача Барысаглебскай царквы, з гарадзенскіх праваслаўных храмаў свой сайт мае царква Адсячэння галавы Яна Прадцечы, што па вул. Курчатава.

 

Здымак photoclub.by