Галерэя “У майстра” адмяніла канец свету

На афішы да выставы назвы няма. Гэта спачатку збянтэжвае, потым здзіўляе, але калі бачыш карціны Валерыя, адразу разумееш для чаго гэта зроблена. У дзевяці палотнах, што прадстаўлены публіцы, кожны можа знайсці нешта сваё, убачыць тое, што зіхаціць недзе ўнутры. Мастак толькі падштурхоўвае сваімі творамі да роздумаў.

 

Карціны сапраўды заварожваюць. “Трэба мець сапраўдны талент, каб спалучэннем колераў дасягнуць такога  прасторавага эфекту”, – казалі прысутныя.

Адкрыццё выставы

 

За гадзіну да выставы, мы, утульна ўладкаваўшыся на канапах у выставачнай зале, размаўляем з Валерыем пра тое, як нараджаюцца карціны, пра тое, што і хто натхняе, пра незвычайнасць  гэтай выставы.

 

Валеры адразу пытае мяне: “А якая карціна Вам спадабалася?” Мне спадабаўся “Апошні фунікулёр”. Ёсць у ёй нешта апакаліптычнае. Нават стымпанкаўскае. Валеры адразу распавядае, што карціна малявалася амаль два гады.

 

“Увесь час не ведаў, куды яе прысунуць. Падмалюю нешта і адварочваю. Так і стаіць. Ну, няма ідэі. А тут, неяк гляджу на яе. Дык вось жа – фунікулёр. Апошні. Нейкія хаткі, неякія да1мы. Хутка ўсё дамаляваў. І заўважце, фунікулёр рухаецца не ў цемру, а ў святло – асляпляльнае і моцнае. Значыцца, ёсць надзея”.

 

У канец свету Стратовіч не верыць. Верыць у перамены.

 

“Нешта адбудзецца, канешне, але я думаю, у духоўным плане будзе нейкі разлом, надлом. Планета Нібіру, якая праходзіць раз на 3600 гадоў каля Зямлі заўсёды пакідае свой след у гісторыі чалавецтва. Планета гэтая і натхніла на выставу, аб’яднала ў адзіны вобраз, здавалася б розныя працы. 21 снежня яна пройдзе вельмі блізка да нас і нешта зменіць. Але ж яна і раней праходзіла! Вось таму выстава гэта своеасаблівы адказ на канец свету – спроба асэнсаваць і зразумець  свет, які ўвесь час мяняецца”.

 

Як кажа мастак, яго карціны – нешта незвычайнае, зробленае звычайнымі фарбамі, звычайнымі тэхнікамі. Сапраўды, містычнага у карцінах хапае – ад сюжэта да адчування прасторы. “Як такое можна зрабіць фарбамі?” – здзіўляюся я.

 

Адчуванне такое, што фарбы свецяцца знутры, ствараючы аб’ём і нават нейкі рух. Здаецца, што на палотнах  ідзе сваё, асабістае жыццё, нешта рухаецца ў ілюзорным і фэнтэзійным свеце, які стварыў мастак.

Сярод сяброў і калег Валерыя – мастак Станіслаў Кічко

 

Валеры Стратовіч нарадзіўся не ў Гродне, а на паўночным Каўказе, у Расіі. Але кажа, што адчувае сябе тут вельмі ўтульна, па-свойску.

 

“Людзі ў Гродне асаблівыя: глядзіш, нібы сварацца, а не, разабраліся, браты ж. Усе ведаюць адзін аднаго”.

 

Валеры Стратовіч – мастак рознапланавы. Два гады таму адкрылася выстава ў “Крызе” з карыкатурнымі працамі “Сограждане”, дзе шмат хто з гарадзенцаў мог пазнаць сябе. Працы мінулай выставы мастака ў гэтай галерэі былі напоўнены пяшчотай, спакоем і пастэльнымі колерамі. Гэтая ж – вельмі экспрэсіўная, дзіўная і містычная.

 

“Я ж вучуся, – сціпла смяецца майстар, – іду далей. Таму не магу глядзець на свае старыя карціны. На чужыя – магу, на свае – не. Жонка часта крыўдзіцца і кажа, што няма маіх прац у хаце. Але ж я рухаюся далей, развіваюся і ўжо тое, што рабіў даўно, здаецца мне не вельмі добрым.Вось такі  шавец без ботаў”.

На адкрыцці ў маленькім галерэі сабралася нямала людзей

 

Цікавіць мяне і тое, што натхняе мастака.

 

“Розныя гарады, розныя людзі. Натхняе прыгажосцю. Старыя вулкі. Напрыклад, калі быў ў Сопаце, дык там шмат старых, з зарослымі плюшчом сценамі, дамоў. Ідзешь і ўяўляеш, як тут жылі, што рабілі…”

 

Пакуль Валеры расказвае, я раптам уяўляю вузкую вулачку курортнага гарадка, дзе бегаюць дзеці, працуюць фантаны, а з боку мора чуюцца крыкі чаек, шпацыруюць у доўгіх сукенках дамы з белымі карункавымі парасолямі… Я, быццам, апынулася на секунду ў тым часе. Містыка!

 

Здзіўляюся і вяртаюся ў сённяшні час, пытаю, ці сняцца новыя карціны, як увогуле з’яўляюцца тыя ці іншыя ідэі?

 

“Не, не сняцца, але хапае нейкага імгнення… Вось убачыш прыгожую жанчыну ці наогул нешта прыгожае і… бух!… успышка. І ты ўжо ведаеш, што і як будзеш маляваць. А бывае так, што карціна стаіць адвёрнутая да сценкі некалькі гадоў, а потым ты проста, ні з чаго, разумееш, што трэба дарабіць. І карціна пачынае граць па-новаму”.

 

Дарэчы, карцін у мастака амаль не застаецца – ўсё выкупаецца аматарамі і знатакамі яго творчасці. Такі попыт не дзіўны, бо працы Валерыя Стратовіча знаходзяцца ў шматлікіх дзяржаўных установах, напрыклад, у Гарадзенскім гісторыка-архелагічным музеі, ды ў прыватных калекцыях.

Добрая навіна для тых, хто б хацеў набыць карціны – гэта можна зрабіць падчас выставы, якая будзе цягнуцца да 22 снежня. “Бо гэта ж яшчэ і выстава-продаж”, – дадае Валеры.

 

Здымкі Яна Лялевіча