Буккросінг: свабоду кнігам!

|

Сапраўды, калі ў вас ёсць кнігі, якія проста стаяць на паліцы і збіраюць пыл, або кнігі, якія вы ніколі ў жыцці не станеце чытаць, чаму б не даць ім шанец быць карыснымі для кагосьці?

 

Як гэта зрабіць?

 

Галоўнае гэта жаданне і трошкі часу. Спачатку ўпэўніцеся, што ў вас ёсць кніга, якую вы можаце пусціць у падарожжа. Пажадана, каб яна была ў больш-менш прымальным стане – гэта не прынцыпова, але іншаму чалавеку будзе прыемна, а вам не будзе сорамна.

 

Калі выбар зроблены – рэгіструйце вашу кнігу на адным з сайтаў: bookcrossing.by, bookcrossing.ru ці bookcrossing.com. Памятайце, што на bookcrossing.by асобнай рэгістрацыі няма. Каб увайсці вам дастаткова мець акаўнт у Facebook.

 

Пакідаючы запіс пра вашу кнігу, вы ствараеце так званую “кніжную паліцу”. Пры рэгістрацыі кожная кніга атрымлівае свой асабісты нумар – BCID. Гэты нумар патрэбен для таго, каб прасачыць за перамяшчэннем друкаванага выдання. З дапамогай e-mail вы будзеце ведаць, у каго зараз ваша кніга і як яна трапіла ў гэтыя рукі.

 

Напэўна, самы хвалюючы момант – гэта момант, калі вы “адпускаеце” кнігу. Гэта можна зрабіць як і ў спецыяльна прадугледжаным месцы – пакінуць выданне на паліцы або ў спецыяльнай шафе, так і проста на лаўцы, у кафэ, каля дрэва ці ў аўтобусе. Каб прасцей было кнігу знайсці новаму чытачу, пры яе рэгістрацыі вы паведамляеце месца, у якім плануеце яе пакінуць.

 

Канешне, можа здарыцца і так, што вашу кнігу возьме зусім не ўдзельнік буккросінгу ці не той, каму яна прызначалася. Але хто ведае, можа гэты незнаёмец атрымае ад яе большае задавальненне, чым ваш патэнцыйны чытач?

 

Як гэта пачыналася?

 

Ідэю буккросінгу прапанаваў спецыяліст па інтэрнэт-тэхналогіям Рон Хорнбекер у сакавіку 2001 года. Хутчэй за ўсё яго натхніў звычай заходніх пасажыраў падземкі пакідаць на крэсле прачытаную газету. Для пачатку ён пакінуў 20 кніг з тлумачальнымі надпісамі ў холе свайго гатэля. Ідэя людзям спадабалася, і праз паўгода на яго сайце было каля 300 актыўных карыстальнікаў, якія “адпускалі” кнігі і прыводзілі новых удзельнікаў.

 

Ці ёсць сэнс?

 

Можа ўзнікнуць пытанне, ці не лягчэй купіць кнігу ў краме або збегаць за ёй ў бібліятэку? Можа, і так. Але адчуванне гульні, у якой па ўсім свеце ўдзельнічае больш за мільён чалавек, радасць ад знойдзенай кнігі і гонар за сваё выданне, якое за некаторы час абышло некалькі карыстальнікаў, немагчыма замяніць нічым.

 

Хто ведае, можа вашу “Расліны тыбецкай медыцыны”, якую вы наогул збіраліся спаліць, па ўсіх крамах беспаспяхова шукае нейкі зацікаўлены студэнт?

 

Алеся Мікалаеўнай Верабей, загадчыца сектара інфармацыйнай працы гродзенскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі:

 

“Паліца буккросінгу была арганізавана ў 2012 годзе ў сувязі з годам кнігі. Чаму гэты рух набывае папулярнасць? Відавочна, у наш час усё больш людзі карыстаюцца электроннымі кнігамі ці камп’ютарамі для чытання. Аднак “жывая” кніга – гэта зусім іншае. Ты чытаеш – і адчуваеш яе пах, кранаешся старонак. І гэты дыялог з кнігаю вельмі важны.

 

На дадзены момант беларусы не прывыклі да буккросінгу. Нам цяжка ўявіць – як гэта можна ўзяць і не вяртаць кнігу ў строга вызначаныя тэрміны? Галоўнае адрозненне нашага буккросінгу ад замежнага ў тым, што за мяжой пакідаюць кнігі цікавыя, якія спадабаліся, а мы – якія не патрэбныя. Але пройдзе час, і, думаю, букросінг яшчэ заваюе саюзнікаў сярод беларусаў!”