Беларусь перад “канцом свету”

|

І дагэтуль гучным эхам адгукаецца турнэ прэзідэнта па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах з характэрнымі ўстаноўкамі: “прымусовыя работы”, “яжовыя рукавіцы”, “нікому не дарую”… Насамрэч, усе гэтыя “коды” часоў ваеннага камунізму паспелі стаць банальнасцю і нікога ўжо не шакуюць, акрамя выбраных левых блогераў-падпольшчыкаў з Чыты.

 

Пасля Лукашэнкі ў Беларусі застанецца мільён кітайцаў (мажліва ў форме нацыянальнай аўтаноміі), 12 тысяч звольненых супрацоўнікаў спецслужб з няяснай будучыняй ды татальная нянавісць да ўсяго савецкага – ўсяго, што любіў і гадаваў папярэдні кіраўнік. Ну і пра “спаленыя вёскі” не забывайцеся, бо яны таксама паспелі стаць часткай беларускага інтэрнэт-ландшафту…

 

З навейшых падзей. Мінулы інфармацыйны тыдзень адчыніла і паспяхова ўтрымлівала на сабе ўвагу надалей Вікторыя Папова са сваім феерычным “Люблю вас, белорусов… ненавижу, ненавижу!”. І сэнс нават не ў тым, ненавідзіць рэдактарка аддзела культуры СБ усіх беларусаў, іх частку альбо персанальна журналіста Зміцера Лукашука (бо ў суботу не патэлефанаваў, халера!).

 

Справа ў тым, што чалавек на адказнай пасадзе ў афіцыйнай газеце аўтаматычна праводзіць мяжу паміж сабой і беларусамі. Гэта хіба лакмусавая паперка для сучаснага пакалення “мэнэджэраў” дзяржапарата – прадстаўнікоў “каланіяльнай адміністрацыі”, якім метраполія дала права рабіць усё для падтрымання парадку на “западных рубежах империи”.

 

Прастадушныя, яны насамрэч вераць, што без іх Беларусь разваліцца і ператворыцца ў гарно грамадзянскай вайны і паўгалодны бардэль, пры гэтым заплюшчваючы вочы на тое, што калі б раптам знік Дом Ураду, галоўныя офісы псеўдаграмадскіх арганізацый, будынкі аблвыканкамаў у рэгіёнах… усім стала б жыць прасцей. І ніхто не меў бы патрэбы турбаваць у панядзелак з ранку “беларуску в 30-м поколении” Вікторыю Папову…

 

У канцы тыдня зараду бадзёрасці дадаў Міхаіл Вавілаў з Чыты. Расейскі радыкал бароніць Ксюшу Дзягельку ды выклікае Саннікава біцца “на кулаках”, адначасова просячы грошай на білет да Мінска.

 

Папова давяла ўсім, што абразіць беларусаў можа кожны беларускі чыноўнік. Вавілаў давёў, што абразіць беларусаў можа проста кожны. Інтэрнэт даў магчымасць выказацца кожнаму, згодна з выслоўем: “Кто был никем, тот… стал повсюду!”

 

Адарваная публіка, якая мучае катоў, называе сябе “сатаністамі” альбо “эльфамі”, фанацее ад Гітлера альбо Сталіна – існавала заўжды. Звяртае ўвагу іншае: асаблівых поглядаў чалавек Вавілаў (заснавальнік “Падпольнай Арміі імя Вавілава”, якая “мае вызваліць краіны былога СССР” ды вярнуць іх да сталіншчыны) абраў для сябе ідэалам жывога чалавека. Прычым не Баркашова, Макашова альбо Зюганава, а прэзідэнта нашай з вамі краіны…

 

Поспехаў і ўдалага Канца свету!

 

На здымку той самы камуніст Вавілаў. Сваёй адданасцю ідэям ён уразіў рэдакцыю і заслужыў сабе ролю ілюстрацыі да тэкста.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

 

align=”left” >Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Казкі пра казачкоў

“Бесы” Зміцера Дашкевіча

Дык адкуль расце крыж?