Школьнікі хочуць быць юрыстамі ці лагістамі, а попыт на бетоншчыкаў

Калі карэспандэнт “Твайго стыля” апытаў некалькіх старшакласнікаў наконт выбару прафесіі, атрымалася, што маладыя людзі маюць досыць прыблізнае ўяўленне пра выбар занятку, які дазволіць ім функцыянаваць у дарослым жыцці.

 

“Гэта сапраўды так”, – пацвярджае спецыяліст аддзела індывідуальна-прафесійнага і псіхалагічнага кансультавання Гродзенскага абласнога цэнтра прафесійнай арыентацыі Жанна Хіхітава. Паводле яе назіранняў, падлеткі часцей за ўсё выбіраюць прафесію па вонкавым уражанні, не ўсведамляючы, чым на самой справе займаецца той ці іншы спецыяліст.

 

“Ну вось напрыклад, я кансультавала хлопчыка, які сцвярджаў, што хоча быць ветэрынарам, бо хоча лячыць катоў і сабакаў”, – расказвае Жанна Хіхітава і дадае, што ў яе суразмоўцы прафесійныя планы памяняліся кардынальна, калі яна ўсведаміла яму, што праца ветэрынара палягае на лячэнні не толькі жывёл, якія яму падабаюцца, але таксама і іншых.

 

Выбар будучай прафесіі – вялікая праблема для школьнікаў. Пра гэта кажа ў размове з ”Тваім стылем” кіраўнічка аддзела арганізацыйна-метадычнай работы прафінфармавання  і прафесійна-псіхалагічнага адбору ў цэнтры прафарыентацыі Наталля Цімошка. Яна адзначае, што школьнікі да канца не ўсведамляюць свае прафесійныя схільнасці і вельмі часта пераацэньваюць магчымасці.

 

“Больш за тое, яны не валодаюць інфармацыяй пра тое, якія прафесіі карыстаюцца попытам на рынку працы сёння і на якіх спецыялістаў будзе попыт у будучыні”, – тлумачыць нашая суразмоўца.

 

Менавіта для таго, каб дапамагчы маладым людзям пазбегнуць расчараванняў на шляху ў дарослае жыццё і працуе Гродзенскі абласны цэнтр прафесійнай арыентацыі моладзі.

 

Спецыялісты цэнтра дапамагаюць, напрыклад, маладым людзям з хранічнымі захворваннямі ўсведаміць, што шлях у некаторыя прафесіі для іх зачынены. Маладым людзям са слабым зрокам адмыслоўцы цэнтра будуць раіць не марыць пра прафесію ювеліра ці гадзіннікавага майстра, бо гэтыя працы звязаныя з павышанай напругай менавіта зроку. Камусці, хто хоча стаць зубным лекарам, ці цырульнікам, у цэнтры нагадаюць, што праца такіх адмыслоўцаў звязаная з доўгім стаяннем на нагах.

 

“Каб вызначыцца са станам здароў’я падлеткаў і выявіць супрацьпаказанні да тых ці іншых прафесій, пры цэнтры дзейнічае Кансультацыйны медычны савет”, – распавядае Жанна Хіхітава.

 

На пытанне, якія прафесіі зараз найбольш папулярныя сярод школьнай моладзі, спецыяліст цэнтра адказвае, што маладыя людзі часцей за ўсё хочуць быць лагістамі, юрыстамі-міжнароднікамі, фармацэўтамі, стаматолагамі, бухгалтарамі і перакладчыкамі.

 

“Характэрна, што прыкладна да шостага класа дзеці мараць пра тое, каб стаць знакамітасцямі, найчасцей зоркамі эстрады ці кіно”, – расказвае пра дзіцячыя ілюзіі нашая суразмоўца і адзначае, што ў старэйшых класах школьнікі пачынаюць глядзець на выбар прафесіі больш рэальна. Ды і ўвогуле, паводле спадарыні Хіхітавай, прафесійнае кансультаванне прыносіць найбольшыя эфекты, калі праводзіцца з асобамі не менш чым 14-гадовага ўзросту.

 

Чатырнаццацігадовыя маладыя людзі больш адэкватна ўспрымаюць можа быць несуцяшальную для малодшых школьнікаў інфармацыю пра тое, што рынак працы ў нашай краіне зусім не патрабуе шмат зорак эстрады, кіно ці касманаўтаў. Таму ў рэальным жыцці больш запатрабаваным апынецца той, хто вывучыцца на высокакваліфікаванага рабочага.

 

Сапраўды, паводле даследаванняў цэнтра, назіраецца тэндэнцыя ўзросту попыту на прафесіі, напрыклад, будаўнічага профілю: бетоншчыкаў, бляхароў, муляроў ды столяраў. Шмат вакансій рэгулярна з’яўляецца таксама ў сферы гандлю, прамысловай вытворчасці (высока цэняцца токары), швейнай галіне (швачкі ды закройшчыцы).

 

Дэфіцыт спецыялістаў рабочых прафесій тлумачыцца, як адзначаюць у цэнтры прафарыентацыі, залішняй даступнасцю навучання ў беларускіх ВНУ. На жаль, далёка не ўсе ўладальнікі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі атрымліваюць магчымасць працаваць па прафесіі. Таму, каб пяць гадоў навучання ў ВНУ не апынуліся страчанымі для жыцця маладога чалавека, будзе лепш, калі ён пракансультуецца са спецыялістамі цэнтра.

 

Дзеля ахопу як мага большай колькасці старшакласнікаў і ўсведамлення ім праблем, звязаных з выбарам будучай прафесіі, Гродзенскі абласны цэнтр прафарыентацыі моладзі рэгулярна праводзіць Дні адчыненых дзвярэй у розных навучальных установах і працуе са школьнікамі як індывідуальна, так і ў групах.

 

За 11 месяцаў бягучага года супрацоўнікі цэнтра дапамаглі ў выбары будучай прафесіі больш за 20,5 тысячам маладых жыхароў Гродна і абслужылі больш за 1,5 тысячы старшакласнікаў вобласці.

 

Ілюстрацыя startfuture.ru